Полацк на некалькі дзён стане цэнтрам прыцягнення аматараў кінамастацтва

06.12.2023

Полацк на некалькі дзён стане цэнтрам прыцягнення аматараў кінамастацтва. 8-9 снежня пройдзе X Рэспубліканскі адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча «Я здымаю кіно».

Сёлета ён збярэ каля 90 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і нямецкага Фрыдрыхсхафена. Канкурсанты на суд кампетэнтнага журы даслалі больш за 130 работ у чатырох намінацыях: гульнявое і негульнявое кіно, анімацыйныя фільмы і кароткаметражныя фільмы на сацыяльную тэму.

У кожнай з намінацый эксперты вызначаць пераможцаў у трох катэгорыях - юніёр, маладзёжнае і непрафесійнае кіно.

Абяцае быць цікавым і насычаным адкрыццё конкурсу. 8 снежня ў 17.00 заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны тэатр «Пілігрым» Полацкага гарадскога Палаца культуры пакажа перадпрэм'еру мастацка-дакументальнай кампазіцыі «Першы», прысвечаную заснавальніку беларускага кіно, палачаніну Юрыю Тарычу. На працягу двух дзён у Полацку пройдуць творчыя сустрэчы, бясплатныя кінапаказы, майстар-класы ад мэтраў беларускага кінамастацтва.

Сёлета сярод гасцей будуць як ужо знаёмыя твары, так і новыя сябры — Юрый Аляксей, генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм», член Савета Рэспублікі, Ірына Дрыга, начальнік аддзела кінематаграфіі Міністэрства культуры, Аляксандр Анісімаў, рэжысёр і сцэнарыст.

Завершыцца свята 9 снежня цырымоніяй узнагароджання пераможцаў. Пачатак у 14.30 у ЦК «Полацк».

Нагадаем, конкурс праходзіць з 2014 года, а з 2017-га – у рэспубліканскім фармаце.

Фота Надзеі КАЛУЖОНАК.

https://www.pvestnik.by