Ініцыятыва правядзення маштабнага форуму належыць Беларускай гандлёва-прамысловай палаце. «Візіт дэлегацыі кіраўнікоў і прадстаўнікоў дыпведамстваў у Віцебскую вобласць надаў істотны імпульс для развіцця гандлёва-эканамічных адносін рэгіёна з замежнымі краінамі», — упэўнены старшыня БГПП Міхаіл Мятлікаў. Гэта мерапрыемства з'яўляецца эфектыўным і запатрабаваным механізмам супрацоўніцтва. Фармат правядзення дае магчымасць аказаць садзейнічанне беларускаму бізнесу ў развіцці міжнароднага супрацоўніцтва, у падтрымцы і прадастаўленні паслуг замежным партнёрам.
Насычаная праграма мерапрыемства ўключала наведванне шэрагу прамысловых прадпрыемстваў Віцебшчыны. Таксама дыпламаты пазнаёміліся з багатай гісторыка-культурнай спадчынай Полацка. У нашым горадзе ўдзельнікаў Дня гандлёвага саветнiка прывітаў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч: «Полацкая зямля заўсёды рада гасцям. Мы актыўна падтрымліваем адносіны з 30 гарадамі-пабрацімамі, на тэрыторыі Полацкага раёна працуе каля 90 прадпрыемстваў з замежным капіталам. Мы адкрыты да супрацоўніцтва, нам ёсць, што прапанаваць інвестарам, і чарговая сустрэча - добрая магчымасць для наладжвання эфектыўных узаемаадносін». Кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў карысную інфармацыю пра эканамічны, турыстычны і культурны патэнцыял Полацкага раёна.
У сваю чаргу, Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Інданезіі ў Беларусі Жазэ Таварэш падзякаваў за цёплую сустрэчу, магчымасць для развіцця дзелавога супрацоўніцтва. «Мы спадзяемся паляпшаць нашы ўзаемаадносіны, таму што патэнцыял абедзвюх краін вельмі вялікі. Радуе гасціннасць, уражаныя культурнымі і гістарычнымі славутасцямі. Спадзяемся, што гэта не апошні візіт у Полацк і ў Беларусь», - адзначыў ганаровы госць.
Чынь Суан Хіеў, гандлёвы прадстаўнік В'етнама ў Беларусі: «Добрыя ўражанні, упершыню тут, адчуваецца асаблівая атмасфера гэтага горада. Праграма форума вельмі насычаная. Прымаючы ўдзел у Днях гандлёвага саветніка, ужо знайшоў некалькі партнёраў. Цікавасць уяўляе прадукцыя беларускіх дрэваапрацоўчых, мяса-малочных прадпрыемстваў. Створаны добрыя ўмовы для развіцця ўзаемавыгадных адносін паміж нашымі краінамі».
Фота Віктара Чарняўскага.