Крылатыя арэлі
Работнікі прадпрыемстваў і арганізацый клапоцяцца аб належным утрыманні прылеглых тэрыторый, прыбіраюць лістоту. Узяліся за граблі і мётлы навучэнцы ўстаноў адукацыі. А яшчэ дзякуючы неабыякавым і ініцыятыўным людзям гэтай восенню ў Полацку дадаецца арыгінальных аб'ектаў добраўпарадкавання, прызначаных для адпачынку жыхароў і гасцей горада.
Так, у першых чыслах лістапада цікавыя і адразу ўпадабаныя гараджанамi аб'екты былі ўсталяваны працаўнікамі КУП «ЖКГ г. Полацка» у скверы па праспекце Францыска Скарыны. Гэта паркавыя арэлі - падарунак ад прадпрымальнікаў - уладальнікаў аб'ектаў грамадскага харчавання, размешчаных у цэнтральнай частцы горада. Усяго запланавана ўстанавіць восем такіх арэляў, якія вырабілі ў СТАА «НЗТМ». Ці будуць яны запатрабаваны - сумнявацца не прыходзіцца: літаральна адразу пасля ўсталёўкі першыя арэлі былі выпрабаваны і мамамі з малымі, і школьніцамі з кніжкамі. Так што падарунак яўна атрымаўся.
«Лунаючыя» лавы
Актыўная праца па добраўпарадкаванні на мінулым тыдні ішла таксама ў парку 50-годдзя Савецкай улады каля Кургана Бессмяроцця. Тут, непадалёк ад пляцоўкі, на якой размясціўся фантан, атрымалі «прапіску» дзве незвычайныя рэзаніруючыя лавы. Ідэю па іх вырабе галоўны канструктар ТАА «Гідрапрэс» Аляксандр Лукашок прывёз з замежнай паездкі, на прадпрыемстве яе ўвасобілі. Удзел у рабоце па ўстаноўцы «лунаючых» лаў прынялі хлопцы з Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа, а таксама наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў Наваполацкага ТЦСАН, з якім супрацоўнічае ТАА «Гідрапрэс».
Хай прыгажэе парк
Акрамя таго, моладзь далучылася да працуючых супрацоўнікаў аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Полацкага райвыканкама і работнікаў участка зялёнага будаўніцтва КУП «ЖКГ г. Полацка» на добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.
Як распавяла начальнік аддзела ЖКГ Ірына Зенчанкава, за адзін толькі дзень яе калегі разам з азеляніцелямі высадзілі каля 70 кустоў і некалькі туй. «На пляцоўцы каля фантана ў гэтым годзе таксама будуць устаноўлены некалькі лаў, - адзначыла Ірына Юр'еўна, - а ў наступным - свяцільні. І, вядома, запланавана кветкавае афармленне».
Полацкая раённая ўлада ад імя жыхароў дзякуе кіраўніцтву суб'ектаў гаспадарання прыватнай формы ўласнасці за стваральную ініцыятыву і ўклад у добраўпарадкаванне горада. Такі прыклад варты павагі і пераймання. Таму, калі вы жадаеце прыняць удзел у працы, накіраванай на стварэнне яшчэ больш прывабнага аблічча Полацка, заяўляйце пра сябе і спяшаецеся пакінуць добры след у нашым старажытным і слаўным горадзе.
Фота Віктара ЧАРНЯЎСКАГА і Аксаны ШУЙСКАЙ.