Адсвяткаваць юбілей запрасілі ветэранаў дашкольнай установы, бацькоў малых, а таксама былых выхаванцаў саду.
Прывітальны адрас ад упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама зачытала Ірына Кузняцова, галоўны спецыяліст па пытаннях дашкольнай адукацыі. У якасці падарунка яна ўручыла сертыфікат на 3000 рублёў для набыцця спартыўнага абсталявання.
З юбілеем калектыў павіншавала Ірына Дзёмінава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі, старшыня Полацкага раённага аддзялення Віцебскай вобласці Беларускай партыі «Белая Русь», якая пачынала сваю працоўную біяграфію ў гэтай установе. Падарункам ад партыі і прафсаюзнага камітэта ўстановы калектыву, як актывісту «Белай Русі», стала экскурсійная паездка.
У ліку ганаровых гасцей на свяце прысутнічала загадчык дзіцячага сада ў 1987-2007 гг. Валянціна Іванаўна Рабашапка. «Наш сад - сапраўдны сонечны зайчык, добры, светлы, ласкавы, - сказала яна. - Жадаю ўстанове далейшага росквіту, а яго работнікам — здароўя, узаемаразумення, цярпення і творчага натхнення, каб з поспехам гадаваць шчаслівых, жыццярадасных, здаровых дзяцей».
Аб жыцці ўстановы на сучасным этапе, аб новых праектах і тэхналогіях, дасягненнях педагогаў і выхаванцаў гасцям распавялі ў фільме.
Не абышлося на свяце і без заслужаных узнагарод - работнікам сада ўручылі граматы ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама, дашкольнай установы.
Творчыя падарункі да юбілею падрыхтавалі не толькі выхаванцы, але і бацькі малых. Кранальна глядзеліся танцавальныя нумары мам і дзяцей, парадавалі сучасным танцам і выхавальнікі.
«Нам толькі 60!» - так назвалі свой фільм педагогі. І сапраўды, 60 - невялікі для ўстановы ўзрост. Усе гэтыя гады калектыў добрасумленна працаваў, ідучы ў нагу з часам, заслужыў аўтарытэт у бацькоў і калег. Наперадзе - новыя выхаванцы, новыя праекты і поспехі. Нязменным застанецца адно - атмасфера шчасця і бесклапотнага дзяцінства, якую дорыць малышам «Сонечны зайчык»!
Ала Сазонава, загадчык ДС №14: «Дарагія мае! Мы з вамі адна сям'я. І мы захаваем тое лепшае, што было ў садзе — хатнюю атмасферу нашай установы, яе традыцыі». Яна падзякавала кіраўніцтву раёна за тое, што ў 2020 годзе дзіцячы сад, пасля правядзення капітальнага рамонту, стаў больш сучасным і прыгожым (дарэчы, за 60 гадоў гэта быў другі капрамонт установы). Словы падзякі прагучалі таксама ў адрас работнікаў установы і бацькоў выхаванцаў, ветэранаў.
Фота Наталлі Сідаравай.