У руках Сяргея Копыла капсула з пасланнем нашчадкам ад папярэдніх пакаленняў палачан, выкрытая ва ўрачыстай абстаноўцы ў лістападзе 2017 г.
Гісторыкам быў стрыечны дзед Сяргея Пятровіча. Ён бліскуча ведаў не толькі гісторыю, але і латынь і старажытнагрэцкі. Ягоны бацька – кадравы вайсковец. Сяргей нарадзіўся на Далёкім Усходзе, у г. Савецкая Гавань. Пётр Копыл быў капітанам у мотастралковым палку, калі яго жыццё трагічна абарвалася. Пасля гэтага ўдава з дзецьмі пераехала ў Куйбышаў, да месца жыхарства яе бацькоў.
Яго ўніверсітэты
«Для мяне кніга была ўсім. Чытаць пачаў вельмі рана і вельмі шмат», — успамінае Сяргей Пятровіч. Пасля школы ён паступіў у авіяцыйны інстытут, але, правучыўшыся паўтара гады, усвядоміў, што гэта не тое. Хлопец марыў стаць вайскоўцам, пайсці па шляху бацькі. Выбар зрабіў на карысць Пушкінскага вышэйшага каманднага вучылiшча радыёэлектронікі войскаў СПА.
Вучыўся старанна і захоплена. Вялікім шанцаваннем лічыць і тое, што курсанцкія гады прайшлі ў культурным цэнтры. Екацярынінскі палац, цудоўны парк, Камеронава галерэя... Курсантаў часта прыцягвалі ў якасці памочнікаў пры правядзенні работ на гістарычных аб'ектах.
Бацькаўшчыне служыць
Месцам службы лейтэнант Копыл абраў Далёкі Усход. Адслужыўшы восем гадоў, у 1985 годзе паступіў у Калінінскую акадэмію супрацьпаветранай абароны ім. Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава. Пасля яе заканчэння папрасіў накіраваць яго ва Украіну, адкуль родам быў бацька. Накшталт усё складалася, але ў выніку афіцэра накіравалі пад Мiнск. Беларусь вельмі спадабалася. Служыў начальнікам штаба групы дывізіёнаў, пазней прапанавалі паехаць у Полацак на пасаду намесніка камандзіра зенітнага ракетнага палка. Так ён стаў палачанінам.
Прыняцце ваеннай прысягі ў 377-м гвардзейскім зенітным ракетным палку, снежань 1992 г.
Сям'я
З жонкай Нэлай Аляксандраўнай Сяргей Пятровіч пазнаёміўся ў Куйбышаве падчас чарговага адпачынку. Яны побач ідуць па жыцці ўжо больш за 40 гадоў.
Сыны Дзмітрый і Андрэй прафесію з вайсковай службай не звязалі, але гісторыяй цікавяцца абодва.
Ёсць ідэя
У 1998 годзе Сяргей Копыл звольніўся ў запас. Некаторы час папрацаваў у сферы ЖКГ. А потым лёс звёў яго з загадчыкам аддзела адукацыі Полацкага гарвыканкама Г.Л. Сабаленка. Тады нарадзілася ідэя аб стварэнні Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі на базе батальёна ўнутраных войскаў, які дыслакаваўся ў мікрараёне Спаскі.
У гэтай справе ў Беларусі яны сталі аднымі з першых. Праект аказаўся паспяховым.
Глыбей у гісторыю
Аднойчы, яшчэ будучы вайскоўцам, Сяргей Копыл, праходзячы па вуліцы Зыгіна, задаўся пытаннем: хто гэта? Пачаў шукаць адказы. Яны знаходзіліся, але з імі ўзнікала жаданне даведацца больш. А потым здарылася па-сапраўднаму лёсавызначальная сустрэча з былым афіцэрам, загадчыкам Музея баявой славы Сяргеем Паляковым. Вынікам іх сумеснай працы стала кніга пра Полацкі ўмацаваны раён.
Калі паступіла прапанова папрацаваць у музеі, ён, не задумваючыся, пагадзіўся. Праца ў архівах, пошук дакументаў прыносілі не толькі вынікі, але і імкненне вывучаць гісторыю глыбей. У 2012 годзе С.І. Палякова не стала, і Сяргею Копылу прапанавалі ўзначаліць музей. Працай установы ён кіруе да гэтага часу.
«Мне пашанцавала. Асабістыя інтарэсы супалі з грамадзкімі. Значна пашырэла кола зносін. Галоўнае - людзі і жаданне вучыцца. Вучуся да гэтага часу. Мне гэта цікава», - адзначае Сяргей Пятровіч.
Праверка дзяжурных сіл 377-га зрп.
Зноў адкрыцці
У цяперашні час сферай інтарэсаў Сяргея Копыла з'яўляецца абарона Полацка ў 1941 годзе. У даследаваннях дапамагае тое, што ён з'яўляецца кадравым вайскоўцам. «Перакладаю і вывучаю нямецкія дакументы, якія знаходзяцца ў Нацыянальным архіве ЗША. Гэта дазваляе шмат у чым узнавіць аб'ектыўную карціну падзей таго часу», - дзеліцца наш суразмоўца.
У прыватнасці, некалькі нечаканымі сталі адносіны нямецкага каманднага складу да абароны Полацка: «Яны ведалі пра наяўнасць умацаванага раёна, але былі ўпэўнены, што наступленне ён не спыніць. На справе ўсё аказалася інакш. Па заслугах ацэньвалі камбрыга Зыгіна: «Здаецца, у Полацку таленавіты ваенны кіраўнік». А вось узровень камандзіраў узводаў і рот, на думку немцаў, быў невысокім».
— У мяне быў таварыш са старой пецярбурскай ваеннай сям'і. Калі мы прыходзілі да яго дадому, каб пераапрануцца ў цывільнае адзенне перад звальненнем, нас сустракала бабуля. Яна казала: «Я ведаю, што вы пойдзеце куралесіць, але спачатку - квіткі. Сёння вы пойдзеце на спектакль». Дзякуючы ёй мы пабывалі практычна ва ўсіх ленінградскіх тэатрах і музеях, - распавёў Сяргей Копыл.
Новы погляд
Сёння ў Музеі баявой славы праходзіць капітальны рамонт. Шмат зменіцца, у тым ліку экспазіцыя — будзе шырэй паказаны акупацыйны перыяд, праблемы выжывання цывільнага насельніцтва ва ўмовах акупацыі.
Праца Сяргея Пятровіча не абмяжоўваецца музеем. З яго ўдзелам рэалізаваны праект аб генацыдзе - «Полацкая Галгофа». Ён працуе над міжнародным праектам па стварэнні кнігі «Памяць Віцебскай вобласці». У свет ужо выйшлі выданні, прысвечаныя Эстоніі, Літве, Латвіі, Балгарыі, Славакіі, Венгрыі. У Беларусі - Гомельскай вобласці. А артыкулы для кнігі аб ваеннай гісторыі шэрагу раёнаў Віцебшчыны, па заслугах ацаніўшы высокі прафесіяналізм і глыбокія веды тэмы, рэдакцыйная калегія даручыла напісаць менавіта Сяргею Копылу.
Падсумуем
Сяргей Пятровіч усё і заўсёды рабіў і робіць па-сапраўднаму. Няма сумневу, што, дзякуючы яму, мы зробім яшчэ шмат адкрыццяў, якія стануць падставай для гонару за родную зямлю і людзей, якія баранілі яе свабоду і незалежнасць.
Аб гераічным мінулым Полаччыны грамадскасць даведаецца таксама з дакументальных фільмаў, створаных з удзелам Сяргея Копыла. Іх ужо каля дзесяці. Сярод найбольш вядомых — «Полацкі хвалялом» і «Тэрыторыя смерці».