Дзяніс Глябко: «Сумная статыстыка ахвяр міграцыйнага крызісу працягвае няўхільна расці»

02.11.2023

Сумная статыстыка ахвяр міграцыйнага крызісу працягвае няўхільна расці. Пра гэта карэспандэнту «ВВ» паведаміў афіцыйны прадстаўнік Полацкага пагранатрада Дзяніс Глябко.

Калі ў 2021–2022 гадах на ўчастку адказнасці Полацкага пагранатрада (а гэта дзяржаўная мяжа з Латвіяй і Літвой працягласцю 271 км) былі знойдзены тры загінуўшыя бежанцы – адзін на мяжы з Латвіяй, два – на мяжы з Літвой, то за мінулы перыяд 2023 г. такіх фактаў ужо 15. Трое загінуўшых выяўлены на мяжы з Літвой, а 12 – на мяжы з Латвіяй.

Па словах Дзяніса Глябко, не могуць не абураць дзеянні латвійскіх сілавікоў, якіх адрознівае асаблівая жорсткасць у абыходжанні з мігрантамі. Вельмі часта яны збіваюць бежанцаў, прычым не толькі нагамі і рукамі, але і дубінкамі, у тым ліку тэлескапічнымі, металічнымі прутамі, ужываюць электрашокеры. Не саромеюцца гэта рабіць на вачах у жанчын і дзяцей. Могуць забраць у бежанцаў тэлефоны, грошы, нават паўэрбанк (прылада для зарадкі мабільніка). Усё гэта сведчыць аб бесчалавечным стаўленні да людзей.

Красамоўны таму прыклад – нядаўні інцыдэнт на мяжы. 30 кастрычніка каля латвійскага плота беларускія пагранічнікі знайшлі двух іншаземцаў.

Па словах аднаго з мужчын, латвійскія вайскоўцы затрымалі іх на тэрыторыі Латвіі, забралі тэлефоны і грошы. Пры гэтым іх збівалі нагамі і дубiнкамі, нягледзячы на просьбы аб прадастаўленні абароны і дапамогі. Праз некалькі гадзін сілавікі сумежнай краіны, прымяняючы фізічную сілу, даставілі бежанцаў да беларускай мяжы і прымусілі перайсці праз спецыяльны праход у латвійскай загародзе на тэрыторыю Беларусі.

Пасля жорсткага катавання на целах замежнікаў засталіся шматлікія гематомы. Беларускія пагранічнікі аказалі першую медыцынскую дапамогу пацярпелым.

Выявіўшы мігрантаў, не старайцеся дапамагчы ім самастойна, а праінфармуйце пра гэта найбліжэйшае тэрытарыяльнае падраздзяленне органаў пагранічнай службы, – карыстаючыся выпадкам, звярнуўся да насельніцтва прыгранічных раёнаў Дзяніс Глябко. – Пагранічнiкі акажуць уцекачам медыцынскую дапамогу, адагрэюць, пачастуюць гарбатай, накормяць і будуць разбірацца ў кожнай канкрэтнай сітуацыі асобна.

За арганізацыю незаконнай міграцыі, дапамогу прадугледжана крымінальная адказнасць. З пачатку года ўзбуджана некалькі крымінальных спраў па такіх фактах. Цяпер па гэтых справах праводзяцца комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і комплекс следчых дзеянняў.

Фота нясе ілюстрацыйны характар.

https://www.pvestnik.by