Полацк наведалі ўдзельнікі 45-й сесіі Міждзяржаўнага савета па геадэзіі, картаграфіі, кадастры і дыстанцыйным зандзіраванні Зямлі

06.10.2023

Полацк наведалі ўдзельнікі 45-й сесіі Міждзяржаўнага савета па геадэзіі, картаграфіі, кадастры і дыстанцыйным зандзіраванні Зямлі. У іх ліку прадстаўнікі Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана.

У нашым старажытным горадзе гасцей чакала насычаная культурная праграма, якая пачалася з наведвання цэнтра духоўнасці зямлі беларускай – Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Тут ігумення Еўдакія расказала пра жыццё Прападобнай Еўфрасінні Полацкай, пасля чаго ў кожнага ўдзельніка дэлегацыі была ўнікальная магчымасць зазірнуць у Спаса-Праабражэнскі храм, дзе зараз ідуць рэстаўрацыйныя работы, і пазнаёміцца са старажытнымі фрэскамі. Пасля чаго прыхіліцца да ракі з мошчамі Прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Захапіў гасцей сваёй веліччу і Сафійскі сабор, а таксама гучанне аргана пад яго скляпеннямі. Пабывалі ўдзельнікі 45-й сесіі Міждзяржаўнага савета і ў Полацкім калегіуме. Асаблівы інтарэс выклікала зала з галавой мудрага старца, і ўнутраны дворык, дзе размясціўся ўніверсітэцкі гадзіннік, кожную гадзіну выконваючы гімн студэнцтва і гімн універсітэта, і адрэстаўраваны калодзеж глыбінёй 26 метраў. Апроч знаёмства з гісторыяй навучальнай установы, пазнаёміліся з сучаснымі IT-лабараторыямі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, а таксама дзейнасцю выкладчыкаў і студэнтаў спецыяльнасці «Геадэзія».

Спыніліся прадстаўнікі краін СНД і ў памятнага знака «Полацк геаграфічны цэнтр Еўропы». Пасля чаго адправіліся ў парк ля падножжа Кургана Бяссмерця, дзе ў знак падзякі за мірнае неба над галавой усклалі кветкі на Алеі Герояў Савецкага Саюза.

Яркім фіналам візіту міжнароднай дэлегацыі ў Полацк стала высадка рабінавай Алеі адзінства.

У чытальнай зале бібліятэкі калегіума Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Еўфрасінні Полацкай старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Дзмітрый Матусевіч уручыў маляўнічае выданне «Вялікі гістарычны Атлас Беларусі», а кіраўнікі картографа-геадэзічных службаў краін СНД пакінулі ў ім свае пажаданні студэнтам.

Бекмукашаў Кажмухан Ахматдзінавіч, старшыня Камітэта геадэзіі і картаграфіі Міністэрства лічбавага развіцця, інавацый і аэракасмічнай прамысловасці Рэспублікі Казахстан:

–  У Беларусі я ўжо другі раз. Полацак мяне ўразіў сваёй чысцінёй, рэльефам, прасторай. Ён такі зялёны! Тут вельмі шмат унікальных гістарычных аб'ектаў. Вакол лунае дух гісторыі.  У Рэспубліцы Беларусь у якім бы ты горадзе не знаходзіўся, заўсёды адчуваецца гасціннасць, дабрыня, цеплыня і павага да гасцей. Мне вельмі падабаецца тут.

Сатывалдыеў Асылбек Уладзіміравіч, дырэктар службы зямельных рэсурсаў  Кыргызскай Рэспублікі:

— Рэспубліка Беларусь — вельмі цудоўная краіна. Захапляе шыкоўная прырода. А якія тут лясы. У Полацку я вельмі ўзрушаны ўбачаным, так прыгожа. У гэтым утульным горадзе вельмі беражліва захоўваюць гісторыю, і шануюць памяць. Выдатна, што намі тут закладзена алея, спадзяюся, як-небудзь вярнуцца, каб паглядзець як расце пасаджаная мной рябiнка

Хаджазода Арыф Ашуры, старшыня Дзяржаўнага камітэта па зямельным кіраванні і геадэзіі Рэспублікі Таджыкістан:

- Беларусь - шматпакутная зямля, колькі разоў на яе тэрыторыі праходзілі кровапралітныя войны, але, нягледзячы на гэта, тут жывуць настолькі добрыя, спагадныя і гасцінныя людзі. Мне заўсёды прыемна бываць у гэтай мілай краіне. У маладосці я праходзіў тэрміновую службу ў адной з вайсковых часцей у Гомельскай вобласці, там я прайшоў школу мужнасці. І для мяне Беларусь па-свойму родная.

https://www.pvestnik.by