У цяперашні час капітальны рамонт на ўчастку км 67,47-км 75,00 вядзе філіял ДСУ №3 ААТ «ДСТ-1, г.Віцебск». Працы пачалі ў верасні. 15 чысла праведзены скід руху. Схема часовай арганізацыі дарожнага руху (АДР) узгоднена з ДАІ, выстаўлены тэхнічныя сродкі АДР, інфармацыйныя знакі, у начны час працуюць сігнальныя ліхтары. Аднак, як адзначаюць дарожнікі, частка вадзіцеляў аўтатранспарту, у асноўным фур, да гэтага часу ідуць звыклым маршрутам, не звяртаючы ўвагі на знакі, пакуль не ўпіраюцца ў агароджы.
— Да работ на аб'екце мы падыходзім з усёй адказнасцю, каб дарога праслужыла доўга. Максімальна выкарыстоўваем спрыяльныя ўмовы надвор'я, — тлумачыць дырэктар філіяла ДСУ №3 Віталь Капцэвіч. - У цэлым будаўнічая даўжыня ўчастка першай чаргі капітальнага рамонту дарогі складае 7 км 185 м, прадугледжаная праектам шырыня земпалатна - 12 м, праезнай часткі - 8 м. Вядзем падломку беражкоў, фрэзераванне, уладкаванне ровікаў, фарміраванне абочын, выраўноўваем дарожны профіль, выконваем зрэзку, каб павялічыць зону бачнасці да нарматыўнай. Гэта значыць даводзім усе параметры аўтамабільнай дарогі да прадугледжаных тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Кіраўнік адзначае: тэрміны рамонту на дадзеным участку, паводле праекту, складаюць 12 месяцаў. Але ўсе разумеюць, якія нязручнасці дастаўляюць «закрытыя» ўчасткі:
— Таму мы стараемся асноўную работу выканаць у найкарацейшыя тэрміны, а астатнія віды работ — пры адноўленым руху. Якасць пры гэтым не пацерпіць. Працуем з 8 раніцы да 7 вечара, у тым ліку выхадныя дні. Пры спрыяльных умовах надвор'я плануем да 1 снежня на ўчастку ад «пачатак ходу» да кальцавога скрыжавання вырабіць уладкаванне верхняга пласта падставы з чорнага друзу і ўладкаванне ніжняга пласта пакрыцця з асфальтабетонных сумесяў і аднавіць рух транзітнага аўтатранспарту.
Каб мінімізаваць нязручнасці для жыхароў, не ствараць перашкод транзітнаму транспарту, частку неабходных матэрыялаў на аб'ект дастаўляем у начны час.
— Да канца 2023 года на гэтым аб'екце мы плануем асвоіць 3,7 млн рублёў, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту, — зазначае Віталь Капцэвіч. - Усяго кошт будаўніцтва першай чаргі складае больш за 16,5 млн рублёў.
Будаўнічым праектам аб'екта, заказчыкам якога выступае РУП «Віцебсксаўтадар», а праекціроўшчыкам — Дзяржаўнае прадпрыемства «БЕЛГІПРАДАР», прадугледжана наступнае: пераўладкаванне існуючых труб з іх падаўжэннем, уладкаванне і разборка прыпыначных пунктаў, дэмантаж і мантаж тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху, устаноўка шчыткоў і знакаў, фрэзераванне асфальтабетоннага пакрыцця, вытарфоўка. На некаторых участках, дзе будуць праведзены выемкі і пашырэнне землянога палатна, выканаюць валку дрэў з карчоўкай. Вялікая, аб'ёмная праца. А там, дзе дарога праходзіць па населеным пункце, напрыклад, у в. Калектыўнай, трэба будзе пераўладкаванне ліній сувязі, электрасетак, тратуараў, замена прыпыначных павільёнаў. Там, дзе ўчастак трасы праходзіць праз населеныя пункты, і на ўчастках скрыжаванняў і прымыканняў рамонтныя работы плануецца выконваць «з рэверсіўным рухам», гэта значыць закрываючы палову праезнай часткі, усталёўваючы святлафоры.
Кіроўцаў заклікаюць з разуменнем ставіцца да часовых цяжкасцяў, загадзя планаваць маршрут руху, быць дысцыплінаванымі і цярплівымі.
Філіял «Аўтобусны парк №2 г.Полацка» ААТ «Віцебскаблаўтатранс» інфармаваў жыхароў і гасцей рэгіёна аб тым, што з 15 верасня на перыяд правядзення рамонту на дадзеным участку дарогі Р46 змяняюцца схемы руху па некалькіх прыгарадных маршрутах (Полацк) — Махірава, Полацк — Грамошча, Полацк — Канстанцінава, Полацк — Дзярновічы — Асвея, Полацк — Клясціцы — Расоны). Рух ажыццяўляецца па вуліцах Еўфрасінні Полацкай, Касманаўтаў праз скрыжаванне з кругавым рухам у раёне ДРБУ-182. Пасадка і высадка пасажыраў у раёне в. Калектыўнай прадугледжана на часовым прыпыначным пункце на дарозе Р20 у раёне кальцавой развязкі.
Фота Віктара Чарняўскага.