Гэта месца для правядзення мерапрыемства абрана невыпадкова, бо ў сценах дадзенай навучальнай установы выхоўваюць сапраўдных патрыётаў. Таму сімвалічна, што менавіта тут пачынаюць сваю працу маладыя прафсаюзныя актывісты, якія ўсім сэрцам любяць Беларусь.
Удзельнікаў пасяджэння віталі Аляксандр Філіповіч Растапчын, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Галіна Муравей, старшыня Полацкага раённага савета ветэранаў, Станіслаў Красоўскі, дырэктар кадэцкага вучылішча, і Вольга Захаранка, старшыня Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў. Вольга Мікалаеўна адзначыла, што работа з моладдзю з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
— Важна максімальна ўцягваць маладых людзей у прафсаюзную работу, уключаць іх у склады кіруючых органаў, вылучаць на пасады старшынь пярвічак, уводзіць у рэзерв кадраў. Сёння тут прысутнічаюць прадстаўнікі маладзёжнага актыву розных галіновых прафсаюзаў, якім аказаны гонар і давер прадстаўляць і свае прафсаюзныя арганізацыі, і прадпрыемствы ў цэлым, — выказала меркаванне Вольга Захаранка.
Падчас дыялогавай пляцоўкі абмеркавалі пытанні замацавання маладых спецыялістаў на працоўных месцах, абмяняліся досведам працы з моладдзю ў прафсаюзных арганізацыях, таксама былі запланаваны мерапрыемствы на бліжэйшую будучыню. Сярод іх - правядзенне дабрачынных акцый, прафарыентацыйных сустрэч у рамках прафсаюзнага праекта «Полаччына працоўная: нам ёсць чым ганарыцца, патрыятычных мерапрыемстваў, добрых спраў, у тым ліку і па аказанні дапамогі ветэранам, і многае іншае. Самае галоўнае - маладыя людзі сваім асабістым прыкладам павінны фармаваць пазітыўны імідж прафсаюзаў, на справе паказваць, што дабрабыт прадпрыемства ў прыватнасці і краіны ў цэлым залежыць ад кожнага з нас. У працяг форуму прафсаюзная моладзь паразмаўляла з ганаровым госцем — А.Ф. Растапчыным.
— Сёння старэйшае пакаленне разумее, што прыйшоў складаны час, калі мы павінны дапамагчы ў выхаванні моладзі, фармаванні патрыётаў. Мы разам з вамі гатовы служыць Радзіме і абараняць яе нацыянальныя інтарэсы, — падкрэсліў Аляксандр Філіпавіч.
Падчас даверных зносінаў пагаварылі пра малую радзіму, пра гераічнае мінулае Полацкага раёна, працоўныя поспехі нашых землякоў. «Вывучэнне гісторыі сваёй краіны, захаванне добрых традыцый, закладзеных продкамі, выхаванне ў маладога пакалення пачуцця гонару за сваю краіну, жадання дастойна працаваць і прымаць актыўны ўдзел у канкрэтных справах для працвітання роднай зямлі - вось наша галоўная задача», - падсумавала Вольга Захаранка.
Важным момантам пасяджэння стала абранне новага старшыні Маладзёжнага савета Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў. Такі высокі давер аказаны Юліі Цюхловай — метадысту Полацкага эканамічнага каледжа. Намеснікам старшыні абрана Юлія Гойла, спецыяліст па кадрах ТАА «Гідрапрэс», сакратаром - Анжэла Ванько, спецыяліст па кадрах ААТ «Новыя Гараны».
Юлія Цюхлова, метадыст Полацкага эканамічнага каледжа, старшыня Маладзёжнага савета Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў:
— Быць абранай на пасаду старшыні Маладзёжнага савета — сур'ёзна і адказна для мяне. Асабліва хвалююча, што гэта адбылося напярэдадні Дня народнага адзiнства. Бо невыпадкова слоган ФПБ - «Мы - аб'ядноўваем». Гэта наш час і час нашых ініцыятываў. Мы пастараемся сваёй працай яшчэ больш згуртаваць калектывы і прыцягнуць новых маладых людзей у нашу вялікую прафсаюзную сям'ю для сумеснай дзейнасці на карысць любімай Полаччыны і роднай Беларусі.