Пра «Брыстоль» і не толькі. Гісторыя аднаго Полацкага дворыка

11.09.2023

Полацк — горад-музей. За кожным будынкам — гісторыя, за кожным чалавекам — свой лёс. Ці задумваліся вы, праходзячы міма таго ці іншага дома, якога года гэта пабудова, якія людзі там пражывалі, чым займаліся?

Наш новы праект «Полацкія дворыкі» дазволіць вам даведацца пра факты з гісторыі асобных дамоў. І першы адрас - дваровая тэрыторыя, акружаная вуліцамі Леніна, Камуністычнай, Энгельса.

«Брыстоль»

Адзін з дамоў, якія ўваходзяць у архітэктурны комплекс двара, — двухпавярховы будынак (вул.Леніна, 6) з чырвонай цэглы, пабудаваны яшчэ ў XIX стагоддзі. Краязнаўца І.П.Дзейніс у кнізе «Полацк у пачатку XX стагоддзя» паказвае, што тут размяшчаліся мэбляваныя пакоі «Брыстоль».

Змяніўся будынак пасля вялікага пажару. Паводле нататак у газетах «Рускае слова» і «Агеньчык» за 1912 год, пажар успыхнуў у ноч з 28 на 29 жніўня на дрывяным складзе. Агнём было ахоплена 16 кварталаў. З Дзвінска і іншых месцаў з экстранымі цягнікамі выехалі на дапамогу часткі добраахвотных дружын. Распаўсюджванню агню садзейнічала і тое, што ў Полацку не было водаправода. Дзвінскія і віцебскія добраахвотнікі страцілі шмат часу, перш чым іх машыны далі з Дзвіны моцны напор вады. Мэбляваныя пакоі адбудавалі ў новым стылі.

Як адзначае ў сваёй публікацыі «Эклектызм у архітэктуры. Дамы, пабудаваныя ў Полацку ў канцы XIX - пачатку XX стст. у «цагляным» стылі» Таццяна Арлова, намеснік дырэктара па будаўніцтве і рэстаўрацыі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, у якасці будаўнічага матэрыялу ўжывалі чырвоную асабовую цэглу. Асаблівасцямі будынкаў гэтага тыпу былі выразны фасад, выкарыстанне вежак, аркатурных паяскоў (упрыгожванне сцяны ў выглядзе шэрагу дэкаратыўных арачак), стылізаванага руста карнізаў (русти-ирэльефны мур або абліцоўванне сцен камянямі). Элементы дэкору маглі выдзяляцца белым колерам.

Другі ярус сцен былых мэбляваных пакояў «Брыстоль» прарэзаны прастакутнымі праёмамі і багата дэкараваны, як і верхнія кутнія часткі сцен. Аконныя праёмы першага паверха маюць паўцыркульны абрыс. Такія асаблівасці архітэктурнай забудовы апісвае Т.Арлова ў публікацыі «Архітэктурная пластыка фасадаў будынкаў, збудаваных у г. Полацку ў канцы XIX – пачатку XX стст.».

Будынак захаваўся падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пазней быў адрэстаўраваны, пасля вайны тут жылі сем'і вайскоўцаў. Цяпер гэта жылы дом.

Тыпавыя канструкцыі

Ва ўмовах вострага недахопу жыллёвага фонду важным фактарам, які садзейнічаў пачатку будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў у цэнтральных кварталах горада, стала адкрыццё ў Полацку ў 1929 г. цагельні.

— Будаўніцтва жылля на аснове тыпавых планіровачных і архітэктурных рашэнняў пачалося ў Полацку ў першай палове 1930-х гг. з узвядзення трохпавярховага дома №31 па вул.Леніна (сучаснай вул.Ніжне-Пакроўскай). Затым былі пабудаваны трохпавярховыя жылыя дамы па вул.Камуністычнай, 8, і па вул.Энгельса, 9, - распавяла Юлія Аўчыннікава, загадчык навукова-рэстаўрацыйнага аддзела НПГКМЗ.

Дом №8 па вул.Камуністычнай і дом №9 па вул.Энгельса арыентаваны па «чырвонай лініі» квартала (мяжы, якая аддзяляе тэрыторыі кварталаў). У перспектыве меркавалася будаўніцтва двух аналагічных будынкаў на заходнім баку квартала, па вул. Сако і Ванцэці (сучасная вул.Леніна), што тлумачыць наяўнасць глухіх тарцавых сцен, прыстасаваных для прымыкання новых секцый.

— Будынкі ўзводзілі ў якасці жылля з двух-трохпакаёвымі кватэрамі. Кожны дом складаўся з трох секцый, якія фармавалі асобны пад'езд, дзе размяшчалася па чатыры кватэры на паверсе. Лесвічныя пляцоўкі і маршы былі выкананы з бетону на швелерах (сталёвых бэльках). Памяшканні мелі драўляныя перакрыцці, перагародкі таўшчынёй у цэглу, шырокія міжпакаёвыя дзверы. У кватэрах было пячное ацяпленне, - падзялілася інфармацыяй Юлія Аляксандраўна.

Дома №8 па вул.Камуністычная і №9 па вул.Энгельса. Фота 1945-1946 гг.: засталіся толькі сцены. усярэдзіне нічога не ацалела.
Фота з архіву НПГКМЗ.

Падвальныя памяшканні адсутнічалі. Для абароны ад волкасці па перыметры вонкавых сцен на ўзроўні цокаля быў зроблены мур з гранітных блокаў, цяпер ён схаваны пад асфальтам. Сцены дамоў мелі асабовы мур з круглявай нарэзкай швоў. Тынкаваўся толькі вянчаючы сцены карніз на галоўным фасадзе. У 1941-1944 гг. будынкі цалкам выгарэлі знутры, былі пашкоджаны верхнія часткі сцен і перагародак. Да пачатку 1950-х гг. дамы былі адноўлены.

З гісторыі двара

У 2004 годзе, у рамках святкавання І Міжнароднага экалагічнага фестывалю ў Полацку, двор стаў эталонным, увасобіўшы задуму праекціроўшчыкаў — Т.В.Арловай і І.В.Куржалава, галоўнага мастака горада. У двары з'явіліся элементы даўніны - каваныя металічныя агароджы, свяцільні. Упрыгожылі тэрыторыю сонечны гадзіннік і альтанка. Пешаходныя дарожкі і пляцоўкі да лаў выклалі пліткай. Добраўпарадкавалі гульнявую і спартыўную пляцоўкі, устанавілі тэнісны стол.

Па ўспамінах

Як працякала жыццё ў двары, можна меркаваць па ўспамінах жыхароў.

Ала Пахомава (Гурчонак) пражывала па адрасе Энгельса, 9, з 1958 па 1993 год: «Мы жылі на другім паверсе. Кватэры былі камунальныя, кухня на тры гаспадыні. У хаце не было гарачай вады, мыцца хадзілі ў гарадскую лазню. Былі беленыя печы, якія пасля першага капрамонту змянілі на кафляныя, карысталіся керагазамі. Паравое ацяпленне і газ з'явіліся пасля другога капрамонту. Гаўбцоў не было, бялізну сушылі на вуліцы. У двары стаялі адрыны. Дзяцінства праходзіла весяла, сябравалі хатамі. Памятаю, як у пад'ездзе, у сям'і Берсен, з'явіўся першы тэлевізар — усё хадзілі на прагляд тэлеперадач і фільмаў, сядзелі ў тры шэрагі».

Пра жыццё свайго двара распавёў Анатоль Літвіненка, жыхар дома №8 па вул.Камуністычнай: «Кватэры былі камунальнага тыпу, гарачай вады не было. Двор быў вясёлы. Дзверы ў кватэры не зачыняліся. Дзятва рабіла буданы і гуляла ў індзейцаў. А зімой дарослыя ў двары залівалі нам каток. Мае бацькі адны з першых купілі каляровы тэлевізар, да нас збіраліся суседзі. Памятаю, што з першага пад'езда дома №9 па вул. Энгельса быў спуск у бамбасховішча. У 80-я гг. мы з сябрамі там абсталявалі спартыўную залу».

У 2004 годзе, у рамках святкавання І Міжнароднага экалагічнага фестывалю ў Полацку, двор стаў эталонным, увасобіўшы задуму праекціроўшчыкаў — Т.В.Арловай і І.В.Куржалава, галоўнага мастака горада. У двары з'явіліся элементы даўніны - каваныя металічныя агароджы, свяцільні. Упрыгожылі тэрыторыю сонечны гадзіннік і альтанка. Пешаходныя дарожкі і пляцоўкі да лаў выклалі пліткай. Добраўпарадкавалі гульнявую і спартыўную пляцоўкі, усталявалі тэнісны стол.


І гэта толькі асобныя факты і ўспаміны пра полацкія двары, дамы, вуліцы.

Паважаныя палачане, праект «Полацкія дворыкі» толькі пачынаецца. Калі ў вас ёсць цікавыя гісторыі і вы гатовы падзяліцца імі з нашымі чытачамі, звяртайцеся ў рэдакцыю газеты «Полацкі веснік», пішыце ў нашы сацсеткі, на электронную пошту. Будзем разам успамінаць гісторыю нашага роднага горада.

Фота Надзеі Калужонак.

https://www.pvestnik.by