Супрацоўнікі Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур здольныя рабіць людзей шчаслівымі

11.09.2023

Сціплыя працаўнікі Полацкага раённага ЦРНК не прывыклі прыцягваць да сябе асаблівую ўвагу і трубіць аб сваіх здольнасцях і дасягненнях з кожнага праса. Хоць часам думаю, што дарма. Таму што яны здольныя рабіць людзей шчаслівымі, далучаючы да чароўнага свету творчасці. І майстры тут - самыя-самыя, і дасягненняў - вялікае мноства.

А ў нашым інтэрв'ю з дырэктарам Полацкага раённага ЦРНК Алесяй Ступаковай гаворка ідзе менавіта пра тыя магчымасці, якія адкрывае ўстанова для ўсіх жадаючых.

Харавод магчымасцяў

— Алеся Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, пра прыклады паспяховага партнёрства жыхароў Полаччыны з ЦРНК.

- Удалым атрымаўся праект «Бушынг» з ААТ «ПСВ». Завадчане наведалі нашы выставы, майстар-класы па саломапляценні, кераміцы, лапікавым шыцці, вырабе са скуры. Мяркуючы па водгуках, спадабалася ўсім. А потым з прадметаў, створаных работнікамі на майстар-класах, мы дапамаглі аформіць на прадпрыемстве выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

— Калі бачыш, як ствараюць той ці іншы выраб, заўсёды дзівішся, наколькі гэта творчая і карпатлівая праца, як спрытна спраўляецца з ёй майстар. І пачынаеш разумець яе каштоўнасць…

— Яшчэ прыклад: да нас звярнуўся прафкам адной з будаўнічых арганізацый з просьбай правесці майстар-клас для мужчын да Дня абаронцаў Айчыны, і мы з асаблівым хваляваннем узяліся рэалізаваць гэту ідэю. Падрыхтавалі майстар-класы, улічваючы іх практычнасць і інтарэсы мужчын. У выніку нашы ўдзельнікі шылі гальштукі-матылі, ляпілі гліняныя падковы на шчасце, стваралі ключніцы са скуры, пано з «мужчынскім» сюжэтам у тэхніцы дэкупажу і рабілі гэта эмацыйна, з задавальненнем!

Ад малога да вялікага

— Алеся Аляксандраўна, гэта значыць ЦРНК працуе з людзьмі самых розных катэгорый і ўзростаў?

- Вядома. У летні перыяд праводзім цыкл мерапрыемстваў з дзецьмі. Ёсць што прапанаваць і для людзей старэйшага ўзросту. У гэтым годзе арганізавалі святочную праграму для ўдзельнікаў Полацкай арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму, улічваючы іх інтарэсы, узрост, фізічныя магчымасці. Маем досвед супрацоўніцтва з педагогамі, якія выказалі жаданне пазнаёміцца з полацкай свістулькай і навучыцца яе вырабляць… І гэта толькі некалькі прыкладаў.

Дапамогуць, навучаць, парадуюць

— Памятаю, з якой захопленасцю супрацоўнікі Беларусбанка асвойвалі навыкі шыцця з абрэзкаў. Іх пано з выявамі славутасцяў Полацка атрымалася неверагодна прыгожым і арыгінальным!

— Так, гэта быў захапляльны праект. Ёсць у нас і досвед афармлення тэматычных фотазон для працоўных калектываў. Калісці такі падарунак да Дня жанчын атрымалі работніцы філіяла «Полацкводаканал». Таму, калі камусці не хапае часу, сіл або навыкаў для рэалізацыі падобнай ідэі, мы, як прафесіяналы, можам дапамагчы. Гатовы дарыць радасць і нашы творчыя калектывы. Напрыклад, народны ансамбль беларускай песні «Полацкія россыпы» па запрашэнні прафкама ваеннага камісарыята выступаў у іх з канцэртнай праграмай, ствараючы святочны настрой супрацоўнікам у Дзень абаронцаў Айчыны.

Патрэбен непаўторны падарунак? Зазірніце ў наш ЦРНК, дзе прадстаўлены аўтарскія вырабы ў сувенірнай краме «Скрыначка». Яе асартымент кожны можа вывучыць прама ў фае (вул.Ніжне-Пакроўская, 27). А можна і замовіць сувеніры — прадметы з лагатыпамі, сімволікай прадпрыемстваў ці з беларускім каларытам, аксэсуары адзення. Выбар вялікі: блакноты, ключніцы са скуры, сувенірныя лялькі, керамічныя пано, свістулькі, ручнікі і многае іншае.

Далучаемся!

— Думаю, жаданне далучыцца да творчасці ўжо ўзнікла ў многіх чытачоў!.. Такім чынам, падсумуем варыянты ўзаемадзеяння з ЦРНК.

— Па-першае, мы гатовы стаць партнёрамі ў рэалізацыі самых разнастайных праектаў. Па-другое, зробім унікальныя, аўтарскія вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пад заказ. Па-трэцяе, чацвёртае і пятае — арганізуем творчыя праграмы, выставы, а таксама майстар-класы на базе Цэнтра і іншых пляцоўках — на тэрыторыі прадпрыемства, сядзібы ці іншай лакацыі. Будзем рады кожнаму наведвальніку і любой канструктыўнай прапанове.

— Па-мойму, выдатная ідэя для любога прафсаюза, як арганізаваць вольны час працаўнікоў!

— Раней для ААТ «ПСВ» нашы майстры рабілі вялікае пано «Беларусь» у тэхніцы лапікавага шыцця і тэматычны трыпціх маляванак з лагатыпам прадпрыемства. А ў пачатку жніўня на адным з мерапрыемстваў на базе прадпрыемства мы прадставілі завадчанам і іх гасцям тэматычную выставу «PROрамёствы» з дэманстрацыйнымі майстар-класамі па ткацтве пояса, працы са скурай і лепцы полацкай свістулькі, якая з'яўляецца брэндам нашага горада і ўваходзіць у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Многія ўдзельнікі зацікавіліся магчымасцю замовіць у нас карпаратыўныя сувеніры і падарункі. І тут нам ёсць што прапанаваць.

— Дзякуй, Алеся Аляксандраўна, за карысную інфармацыю. Жадаю новых творчых дасягненняў усяму калектыву Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур!

Кожны чалавек ці група, якія праходзяць па Ніжне-Пакроўскай вуліцы, могуць зайсці ў ЦРНК і тут жа стаць удзельнікамі індывідуальнага або групавога занятку — пры ўмове, што майстар не заняты. Або запісацца на занятак - асабіста або па тэлефоне 43-17-78 - на пэўны час. Кошты тут больш за дэмакратычныя: майстар-клас працягласцю 45 хвілін па любым вiдзе творчасці — няхай гэта будзе ручное ткацтва, кераміка, выцінанка, лапікавае шыццё — у групе каштуе 2 рублі з чалавека, а індывідуальны занятак — 4 рублі. Адна ўмова: калі майстар-клас для групы, колькасць удзельнікаў не павінна перавышаць 10, каб майстар меў магчымасць удзяліць увагу кожнаму.

https://www.pvestnik.by