У Салоніцкім сельсавеце Полацкага раёна прайшла апаратная нарада

05.09.2023

Падчас апаратнай нарады кіраўніцтва Полацкага раёна са справаздачай аб рабоце з насельніцтвам выступіў в.а. старшыні Салоніцкага сельвыканкама Максім Кiрпiчонак.

Рашэнне сацыяльных, эканамічных і культурных праблем мясцовага значэння для павышэння ўзроўню і якасці жыцця вяскоўцаў — першачарговая задача кіраўніка на падведамнай тэрыторыі. У сваім выступленні Максім Уладзіміравіч абазначыў асноўныя праблемы: неабходнасць капрамонту даху ў Багатырскай БШ, прывядзенне ў парадак гандлёвага аб'екта ў в. Салонікі, незахаванне графіка работы аўтамагазінаў.

У цэнтры ўвагі па-ранейшаму застаецца праца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На абслугоўванні КУП «ЖКГ г.Полацка» на тэрыторыі Салоніцкага сельсавета знаходзяцца 42 дамы, 720 кватэр. Неабходна знаходзіць рэсурсы, каб падтрымліваць жылфонд на належным узроўні. У ліку першачарговых задач - выкананне рамонту прыдамавой тэрыторыі па вул. Цэнтральнай, №№ 2, 3, 4, 5, 8, у в.Багатырскай, пад'езда да дзіцячага сада. Ідзе работа па рэканструкцыі вулічнага асвятлення ў в. Салонікі, Арэхавічы.

Пытанні, якія тычацца жыццядзейнасці Салоніцкага сельсавета, былі разгледжаны і ў час Адзінага дня работы з насельніцтвам з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святланы Адзінцовай і старшыні Полацкага раённага Савета дэпутатаў Іосіфа Грыбовіча, якія прынялі ўдзел у пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы правапарадку, а таксама Салоніцкага сельвыканкама. Парадак дня адпрацаваны ўсебакова, праблемныя пытанні застаюцца на кантролі.

— Поспех шмат у чым залежыць ад таго, у якіх умовах жывуць і працуюць людзі, наколькі ўдаецца ўстанавіць парадак і арганізаванасць у кожным населеным пункце, — адзначыў Максім Уладзіміравіч.

У працяг тэмы варта адзначыць актыўную працу кіраўніцтва Салоніцкага сельвыканкама ў дачыненні да старых і пустых дамоў. У бягучым годзе работа праводзіцца адносна 12 аб'ектаў. Не застаюцца без увагі і перспектывы добраўпарадкавання дзіцячай пляцоўкі ў в.Салонікі, рамонт воінскага пахавання ў в.Струнне, добраўпарадкаванне в. Баранава і інш.

— Праца па добраўпарадкаванні вядзецца сістэмна. Аднак яе вынік залежыць не толькі ад прадстаўнікоў улады, але і ад кожнага жыхара, - справядліва заўважыў в.а. старшыні Салоніцкага сельвыканкама Максім Кірпічонак. — Дзейнасць па фарміраванні правільнага стаўлення да гэтага пытання нараўне з правядзеннем мерапрыемстваў па навядзенні парадку застаецца нашай галоўнай задачай.

Сярод перспектыў развіцця Салоніцкага сельсавета абазначаны наступныя напрамкі: прыцягненне і замацаванне маладых спецыялістаў, вырашэнне жыллёвых пытанняў грамадзян, у першую чаргу з катэгорыі шматдзетных сем'яў, развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы, паспяховая дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета.

Фота з архіва дэпутата С.В. Адзінцовай.

https://www.pvestnik.by