Стартавала прафілактычная акцыя «З клопатам аб бяспецы малой Радзімы»

02.08.2023

Пенсіянеры - адна з найважнейшых катэгорый насельніцтва, якая знаходзіцца пад пільнай увагай МНС.

Для прыцягнення іх да пытанняў бяспекі ратавальнікі выкарыстоўваюць розныя формы працы, імкнучыся дастукацца да кожнага пажылога чалавека і далучыць яго да правядзення маштабнай рэспубліканскай акцыі «З клопатам аб бяспецы малой Радзімы». Мэта кампаніі - папярэджанне пажараў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём і гібелі на іх людзей сталага веку. Акцыя пройдзе ў два этапы: першы - з 1 па 18 жніўня, а другі - з 18 верасня па 2 кастрычніка. У рамках гэтых этапаў запланавана шмат карыснага і цікавага. І, вядома ж, сустрэчы з жыхарамі сельскай мясцовасці, дзе ратавальнікі яшчэ раз нагадаюць аб правілах бяспекі, зробяць акцэнт на прычынах узнікнення надзвычайных сітуацый.

Аб бяспецы ў руху таксама будзе вяшчаць спецыяльны транспарт МНС, які праедзе па сельскіх населеных пунктах для трансліравання насельніцтву кароткіх прафілактычных тэкстаў праз гучнагаварыцель. Акрамя гэтага, ратавальнікі правядуць працу па маршруце руху гандлёвых аўтакрам праз праект «Аўталаўка бяспекі», дзе ў месцах прыпынкаў перасоўных магазінаў разгорнуць інтэрактыўныя пляцоўкі, правядуць майстар-класы па аказанні першай дапамогі. Такім чынам, жыхары нават самых аддаленых куткоў не застануцца ў баку і змогуць паўдзельнічаць у мерапрыемствах, арганізаваных ратавальнікамі.

У сельскіх населеных пунктах на адкрытых пляцоўках пройдуць тэматычныя «Кірмашы бяспекі», дзе ратавальнікі прадугледзелі мноства «зон актывацыі»: «Адкачай – не падкачай», «Пажарны шчыт», «Парушэнні ў доме» , «Прынцып дзеяння вогнетушыцеля», «Жучкі-павукі», «Печкі-лавачкі», «Бяспечны электрык» і многія іншыя.

Калі здаецца, што традыцыйная пошта - перажытак мінулага, то гэта вялікая памылка. Нашы бабулі і дзядулі працягваюць актыўна карыстацца гэтым відам паслуг і адчуваць тыя ж эмоцыі, што і раней - прыемнае трапятанне і лёгкае хваляванне пасля атрымання запаветных адпраўленняў. Менавіта таму работнікі прапаганды арганізуюць рассылку бяспечнай карэспандэнцыі ад МНС.

Частушкі – самы любімы і цытаваны від народнай творчасці. Нават у чатырохрадкоўі з лішкам месціцца ўся «соль» зададзенай тэматыкі. Ратавальнікі ўносяць свой уклад і правядуць ужо традыцыйны конкурс для пенсіянераў «Частушкі бяспекі».

Гэта толькі невялікі пералік тых мерапрыемстваў, якія правядуць ратавальнікі з пажылымі грамадзянамі ў межах кампаніі «З клопатам аб бяспецы малой Радзімы».

Завершыцца акцыя 2 кастрычніка шырокамаштабнымі мерапрыемствамі, якія пройдуць па ўсёй рэспубліцы ў рамках Міжнароднага дня пажылых людзей.