На Полаччыне працягваецца прыёмная кампанія ў ССНУ

01.08.2023

Выпускныя экзамены ззаду, а вось прыёмная кампанія ў ССНУ на Полаччыне ў самым разгары. На тэрыторыі раёна з 20 ліпеня дакументы ў абітурыентаў прымаюць 6 каледжаў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Якіх спецыялістаў рыхтуюць навучальныя ўстановы, які прахадны бал і якія з'явіліся навацыі ў параўнанні з прыёмнай кампаніяй 2022 года? Ва ўсім гэтым паспрабаваў разабрацца карэспандэнт «ПВ».

З аграрным ухілам

У гэтым годзе Полацкі аграрна-тэхнічны каледж плануе набраць 104 навучэнцаў, з іх 52 чалавекі — на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

- Кантрольныя лічбы захоўваем. На сёння ў наш каледж падалі заявы 62 чалавекі, з іх 12 мэтавікоў. Навучанне праходзіць па наступных кваліфікацыях: «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці»; «кіроўца пагрузчыка 3 разраду»; «кіроўца аўтамабіля»; «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці»; «электразваршчык ручной зваркі 3 разраду»; «электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання 3 разраду»; «муляр 3 разраду». Усе прафесіі запатрабаваны на рынку працы, - адзначыла Ірына Гваздоўская, намеснік дырэктара па ВВР.

Каледж прымае абітурыентаў на аснове агульнай базавай адукацыі. Акрамя таго, што навучальная ўстанова дае добры ўзровень ведаў, яна мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу.

Педагагічны профіль

Полацкі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава карыстаецца вялікім попытам у абітурыентаў. Набор ажыццяўляецца па чатырох спецыяльнасцях: «пачатковая адукацыя», «дашкольная адукацыя», «замежная мова», «музычная адукацыя».

— Самыя запатрабаваныя напрамкі — «пачатковая адукацыя» і «замежная мова». Мы гатовы прыняць для навучання 200 чалавек. Колькасць месцаў па мэтавай дамове, вызначаная Міністэрствам адукацыі, - 30% ад набору. І на сёння ў нас ужо з'явіўся конкурс сярод мэтавікоў. Форма навучання ў каледжы толькі бюджэтная. Прыём ажыццяўляецца па конкурсе сярэдняга бала дакументаў аб адукацыі, а для абітурыентаў, якія паступаюць на музычнае аддзяленне, праводзіцца і экзамен, - расказала Вольга Максімава, адказны сакратар прыёмнай камісіі.

Сярэдні бал атэстатаў не ніжэйшы за 7, а ў некаторых перавышае 9. Абітурыентаў прыцягвае магчымасць паступіць пасля заканчэння каледжа на скарочаную форму навучання ў ВДУ ім. П.М. Машэрава і Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. І, што немалаважна, з гэтага года ў заканадаўства ўнеслі змены, і цяпер малады спецыяліст, які атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю, можа пайсці на скарочанае навучанне ў ВНУ без здачы ўнутранага іспыту.

Прыйдуць на дапамогу

З ходам уступнай кампаніі ў Полацкім медыцынскім каледжы імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобай-Марчанка нас азнаёміла яго дырэктар Ірына Шавякова: «Падрыхтоўваем спецыялістаў па дзвюх спецыяльнасцях: «сястрынская справа», «лячэбная справа». У адрозненнi ад мінулага года навучанне праходзяць як на аснове агульнай базавай, так і агульнай сярэдняй адукацыі. Але падкрэслю, што пасля 9 класа мы пакуль набіраем 26 чалавек на «сястрынскую справу», пасля 11 класа - 90 чалавек (на бюджэтнай і платнай асновах), з іх - 60 на «сястрынскую справу» і 30 на «лячэбную справу».

Ёсць змены і ў навучанні на аснове мэтавай дамовы. Калі ў 2022 годзе мэтавікоў набіралі ў колькасці 45% ад бюджэтных месцаў, то сёлета паказчык павялічыўся - 55%. Дагаворы на мэтавую падрыхтоўку з асобамі, якія паступаюць у каледж, заключаюцца зараз толькі галоўным упраўленнем па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама.

Звязаны з лесам

У філіяле БДТУ «Полацкі дзяржаўны лясны каледж» падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца па спецыяльнасці «лясная гаспадарка». План набору на аснове агульнай базавай адукацыі - 150 чалавек, колькасць павялічана на 25 месцаў, а вось на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, наадварот, зменшана - 25 чалавек. Прадугледжана і завочнае навучанне, але толькі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. План набору - 30 чалавек, гэта на 25% менш, чым у 2022 г. Дарэчы, спецыялістаў рыхтуюць як на бюджэтнай форме навучання, так і на платнай.

- Абітурыентаў шмат, кожны дзень чэргі. Каледж прэстыжны. Усіх нашых вучняў пасля заканчэння навучальнай установы мы працаўладкоўваем. Акрамя таго, нашы студэнты маюць права паступаць на скарочаную форму навучання ў Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, — тлумачыць Ганна Багдановіч, адказны сакратар прыёмнай камісіі.

Мэтавыя месцы размяркоўваюцца па абласцях. Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь сёлета дало для Віцебскай вобласці 16 мэтавых месцаў.

Аб прыёмнай кампаніі ў Полацкім дзяржаўным эканамічным каледжы можна прачытаць у «ПВ» ад 21 ліпеня 2023 года №56.

На любы густ

У прыёмнай камісіі Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа праца па прыёме дакументаў ад абітурыентаў ідзе поўным ходам.

— Мы прапануем на выбар шмат цікавых і запатрабаваных кваліфікацый — на ступені прафесійна-тэхнічнай адукацыі: «швачка, цырульнік», «швачка, кухар», «кандытар, кухар», «кухар, кантралёр-касір», «кухар, афіцыянт», «майстар па манікюры, снавальшчык, ткач», «сталяр, электрагазазваршчык», «маляр, тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік» «электрагазазваршчык, цясляр-бетоншчык». На ступені сярэдняй спецыяльнай адукацыі - «тэхнік-тэхнолаг (грамадскае харчаванне)», «тэхнік па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый», «мастак-мадэльер (цырульнік, візажыст, майстар па манікюры)», «тэхнік-тэхнолаг (тэхналогія зварачнай вытворчасці)», - распавяла Наталля Мядзель, адказны сакратар прыёмнай камісіі.

Усяго тут плануюць набраць 436 навучэнцаў, з іх 272 — на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 164 — сярэдняй спецыяльнай (130 на дзённае навучанне, бюджэтная форма, і 34 на завочнае аддзяленне, платная форма). Па мэтавай дамове будзе залічаны 81 чалавек. Нягледзячы на тое, што дакументы прымаюць пакуль толькі тыдзень, на кваліфікацыі «кандытар, кухар», «кухар, афіцыянт» ужо ўтварыўся конкурс.


Наведванне ўстаноў адукацыі ў перыяд прыёмнай кампаніі паказала: каледжы Полаччыны папулярныя сярод моладзі як полацкага рэгіёна, так і рэспублікі ў цэлым. А ведаючы аб поспехах нашых навучэнцаў і педагогаў, можна быць упэўненым, што тут юнакі і дзяўчаты змогуць дасягнуць самых высокіх вяршыняў! Было б жаданне…

Кажуць абітурыенты:

Уладзіслава Рамашко (г.Вілейка, Мінская вобласць):

— Свой выбар я спыніла на Полацкім лясным каледжы. Мне заўсёды падабалася знаходзіцца ў лесе, вывучаць прыроду, расліны. У школе лёгка даваліся хімія і біялогія.

Святлана Ляшкевіч (аг. Гатаўшчына, Глыбоцкі раён):

— Хачу паступіць на музычнае аддзяленне. Полацкі каледж ВДУ імя П.М. Машэрава, на мой погляд, лепшая ўстанова, дзе я магу атрымаць спецыяльную адукацыю. Наогул, з музыкай я звязала сваё жыццё ў 3 класе.

Анастасія Плоцкая (г.Полацк):

Вырашыла прадоўжыць навучанне ў хіміка-тэхналагічным каледжы. Ужо маю дыплом «кухары-кандытара». І была рада гадам, праведзеным у навучальнай установе. Удзельнічала ў шматлікіх конкурсах. Цяпер паступаю на тэхніка-тэхнолага грамадскага харчавання.

Фота Надзеі Калужонак.

https://www.pvestnik.by