Дзень працы з насельніцтвам – увага нададзена пытанням жыццядзейнасці Маласітнянскага сельсавета, самага аддаленага і малалікага ў Полацкім раёне

01.08.2023

Дзень працы з насельніцтвам - эфектыўная форма ўзаемадзеяння мясцовых органаў улады і сельскіх жыхароў.

У ліпені ўвага была нададзена пытанням жыццядзейнасці Маласітнянскага сельсавета, самага аддаленага і малалікага ў Полацкім раёне. Папярэдне кіраўнікі і спецыялісты служб і ведамстваў аб'ехалі ўсе населеныя пункты, правялі сустрэчы з жыхарамі, выявілі шэраг праблем, якія хвалююць вяскоўцаў. Удзельнікам працоўных груп паступіла 16 зваротаў. Сярод іх - стан дарог, пытанні гандлёвага абслугоўвання і іншыя. Некаторыя ўдалося вырашыць на месцы, частка застаецца на кантролі.

Даведацца пра справы

У Дзень працы з насельніцтвам старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч наведаў населеныя пункты, сустрэўся з працоўнымі калектывамі, мясцовымі жыхарамі, якія былі рады такому адкрытаму фармату працы, актыўна выкарыстоўвалі магчымасць не толькі ўзняць больш маштабныя праблемы, але з першых вуснаў даведацца аб раённыя справах і планах, пагаварыць аб перспектывах развіцця сельсавета.

У в. Дрэтунь увага кіраўніка Полацкага раёна нададзена рабоце вытворчага ўчастка «Дрэтунь». Адбылася сустрэча з работнікамі, абмеркавалі пытанні. Як паведаміў начальнік участка Ігар Бачарэнка, прадпрыемства працуе стабільна, сыравінай у поўнай меры забяспечана. Тым не менш пасля далучэння да Шумілінскага лясгаса ўзнікаюць праблемныя пытанні, якія датычацца своечасовага забеспячэння расходнымі матэрыяламі, палівам. Дадзеная заўвага застаецца на кантролі кіраўніцтва раёна.

Павінен быць парадак

Па кірунку да в. Труды ўвагу звяртае нездавальняючы стан дарогі, якая знаходзіцца на абслугоўванні Расонскага ДРБУ №109. «Грэйдзіраванне праводзіцца няякасна, адсюль і абгрунтаваныя скаргі насельніцтва», — растлумачыў старшыня Маласітнянскага сельвыканкама Леанід Буханцоў.

Ігар Марковіч азнаёміўся з працай стацыянарнай крамы, якая знаходзіцца ў ведамстве Ушацкага райспажыўтаварыства. Улічваючы маланаселенасць вёскі, асартымент прадукцыі ў гандлёвым аб'екце адпавядае патрэбнасцям. Карыстаецца попытам малочная прадукцыя, але для яе поўнай выкладкі не хапае халадзільнага абсталявання, на што звярнуў увагу старшыня райвыканкама, як і на неабходнасць адрамантаваць уваход у магазін, навесці парадак на тэрыторыі вёскі, удзяліць увагу добраўпарадкаванню.

На кантролі

У рамках Дня працы з насельніцтвам Маласітнянскага сельсавета адбыўся прыём грамадзян старшынёй Полацкага райвыканкама.

Да Ігара Марковіча звярнулася мясцовая жыхарка наконт рамонту моста ў в. Булыгі. Праблема вядомая, і яе ўхіленне патрабуе значных выдаткаў. Дадзена даручэнне дадаткова абследаваць мост, прадумаць варыянты тэхнічнага вырашэння пытання.

Падчас прыёму грамадзян таксама ўзнята тэма своечасовага абслугоўвання дарог у сельсавеце. У першую чаргу - па маршруце руху школьнага аўтобуса. Гэта пытанне павінна быць вырашана аператыўна. Абслугоўваючай арганізацыі трэба больш якасна выконваць свае абавязкі. Зварот застаецца на кантролі раённай улады.

Больш дэталёва пытанні жыццядзейнасці Маласітнянскага сельсавета абмеркаваны падчас пасяджэння з удзелам кіраўнікоў служб і ведамстваў райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый. Старшыня сельвыканкама Леанід Буханцоў агучыў асноўныя напрамкі работы, перспектывы развіцця населеных пунктаў. Сярод актуальных тэм - рамонт дарог, добраўпарадкаванне тэрыторый, вываз смецця, асвятленне, знос трухлявага жылля. Абмеркаваны пытанні медыцынскага, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у полі зроку — стан жылфонду, арганізацыя навучальнага працэсу ў Маласітнянскай базавай школе, пытанні правапарадку, прыцягнення насельніцтва да занятку спортам, культурнага вольнага часу.

Праца кіпіць
У час наведвання Маласітнянскага сельсавета ўвага старшыні Полацкага райвыканкама ўдзелена выкананню даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, якія датычацца навядзення парадку ў памяшканнях і на тэрыторыі ФАПаў. Ігар Марковіч асабіста азнаёміўся з ходам работ у Дратунскім (на фота), Трудаўскім, Юравіцкім фельчарска-акушэрскіх пунктах. На кожным аб'екце закуплены будаўнічыя матэрыялы, вядуцца работы. Медыцынскую дапамогу сельскія жыхары атрымліваюць аператыўна і ў поўным аб'ёме, нягледзячы на часовыя нязручнасці.

Падводзячы вынікі

На пасяджэнні заслуханы тлумачэнні кіраўнікоў, адказных за свае напрамкі дзейнасці. Пастаўлена задача ў найкарацейшыя тэрміны выправіць выяўленыя парушэнні, складзены пратакол даручэнняў.
Старшыня Полацкага райвыканкама адзначыў, што пытанні навядзення парадку і добраўпарадкавання застаюцца ў ліку першарадных, і запатрабаваў актывізаваць работу з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі ў гэтым напрамку.

— Праблемы ёсць усюды, галоўнае — іх выявіць і рабіць усё для вырашэння, — зазначыў Ігар Марковіч. - Але і самі людзі павінны з разуменнем ставіцца да таго, што ўсё і адразу вырашыць складана. І самім прымаць актыўны ўдзел у жыцці сваёй малой радзімы. Нягледзячы на свае тэрытарыяльныя асаблівасці, сельсавет павінен развівацца і людзі павінны жыць тут камфортна.

Валянціна Глазкіна, дэпутат Маласітнянскага сельскага Савета дэпутатаў па Зялёнай выбарчай акрузе №3:

«Працаваць з людзьмі люблю, заўсёды ў цесным звязку. Пытанні самыя розныя часам узнікаюць: перабоі з электрычнасцю або таварамі ў краме - заўсёды імкнуся аператыўна звязацца са службамі і растлумачыць людзям, у чым праблема, калі будзе ўхілена. Важна размаўляць, з увагай ставіцца да кожнай просьбы ці пажадання нашых вяскоўцаў. Але нас аб'ядноўваюць не толькі вырашэнне праблем, але і добрыя сумесныя справы. І парадак навядзем, і клумбу пасадзім. Усё ў нас для жыцця ёсць, месцы дзівосныя, вельмі прыгожыя. І людзі добрыя, спагадлівыя».

Фота Святлана Альсевіч.

https://www.pvestnik.by