Дзяўчына з адзнакай скончыла ВНУ па спецыяльнасці «цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна», паралельна прайшла перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі, атрымаўшы кваліфікацыю бухгалтара-эканаміста.
— Праходзіла тэхналагічную практыку ў цэху №15 вытворчасці энергазабеспячэння, дзе пазнаёмілася з тэхналагічным працэсам усяго завода, а пераддыпломную — у аддзеле тэхнічнага пераўзбраення і капітальнага рамонту, куды і прыйшла працаваць, — падзялілася Алена Круглікава. — Пастаянна старалася даведацца нешта новае, задавала пытанні, вывучала дакументы.
Ва ўніверсітэцкія гады Алена Круглікава займалася навуковай дзейнасцю, удзельнічала ў розных рэспубліканскіх конкурсах і навуковых канферэнцыях, мае дыпломы вышэйшых навуковых катэгорый. І, прыйшоўшы на прадпрыемства, вырашыла прадоўжыць вучобу ў магістратуры. Бачачы мэтанакіраванасць дзяўчыны, кіраўніцтва завода падтрымала маладога спецыяліста. Цяпер у скарбонцы прафесійных ведаў інжынера - ступень магістра па спецыяльнасці «ахова працы і эрганоміка».
Абавязкаў у Алены шмат. Дзяўчына не толькі бездакорна спраўляецца з такім аб'ёмам працы, увесь час павышаючы свой узровень кваліфікацыі на курсах і семінарах, але і ўдзельнічае ў грамадскім жыцці ААТ «ПСВ» і нашага старажытнага горада.
Сёлета яна брала ўдзел у адным з прэстыжных рэспубліканскіх праектаў - лідэрскай платформе «Каманда будучыні». Дарэчы, на ўдзел у 5-м наборы было пададзена больш за 140 заявак, а адабрана толькі 40. Сярод іх тыя, хто сваімі дасягненнямі ў навуцы, рабоце і грамадскім жыцці ярка праявіў сябе.
— Удзел у праекце — гэта ўнікальная магчымасць атрымаць новыя навыкі, веды і вопыт, якімі я гатова дзяліцца з моладдзю Полацкага раёна, — адзначыла Алена Круглікава.
Каманда аднадумцаў, у якую патрапіла інжынер ААТ «ПСВ», на заключным этапе праекту прадставіла сваё прыкладанне «ProЗДАРОЎЕ». Яго мэта - асветніцкая, дапаможная работа з насельніцтвам, якая садзейнічае распаўсюджванню культуры аховы здароўя і павышэнню даступнасці аказання паслуг у сферы аховы здароўя ў рамках Канцэпцыі развіцця электроннай аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Алена — член Маладзевайёжнага савета прадпрыемства, лідэр дзённай змены і прадстаўляе адкрытае акцыянернае таварыства «Полацк –Шкловалакно» ў Маладзёжным савеце пры Полацкім раённым Савеце дэпутатаў.
Акрамя гэтага, Алена некалькі разоў станавілася ўдзельніцай маладзёжнага ток-шоў «Да!Но» на РТР-Беларусь. Гэта сумесны праект СТВ і Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Гераіня нашай публікацыі паспявае ўдзельнічаць у шматлікіх гарадскіх, раённых і абласных мерапрыемствах не толькі як работнік ААТ «ПСВ», але і як член Маладзёжнага савета пры Полацкім раённым Савеце дэпутатаў. А гэта дабрачынныя і патрыятычныя акцыі, дыялогавыя пляцоўкі, спартыўныя спаборніцтвы, марафоны, прысвечаныя здароваму ладу жыцця, і шмат іншага.
Міжволі ўзнікае пытанне, дзе Алена Круглікава чэрпае столькі энергіі і натхнення. Аказваецца, нягледзячы на тое, што яна навапалачанка, Полацк - гэта яе месца сілы.
Такія матываваныя, адукаваныя і актыўныя маладыя людзі, як інжынер па каштарыснай рабоце ААТ «ПСВ», з'яўляюцца залогам паспяховага развіцця дзяржавы, яе стратэгічным рэсурсам.
Фота з архіву Алены Круглікавай.