Дырэктар філіяла «Полацкая ЦЭЦ» распавёў пра працу прадпрыемства

17.07.2023

Чарговая прамая лінія, якую з палачанамі па тэлефоне правёў дырэктар філіяла «Полацкая ЦЭЦ» РУП «Віцебскэнерга», дэпутат па Купалаўскай выбарчай акрузе №16 Аляксандр Худобкін, традыцыйна прысвячалася пытанням цеплазабеспячэння.

Званкоў было няшмат, і ўсе яны насілі прыватны характар, тычыліся канкрэтных грамадзян і іх кватэр. Падчас тэлефонных зносін Аляксандр Анатольевіч даў тлумачэнні палачанам па пытаннях, якія ўзніклі. Кіраўнік чарговы раз расказаў пра зону адказнасці прадпрыемства, функцыі і задачы, якія выконваюцца перад калектывам.

— Бывае, тэлефануюць, з просьбай «падкарэктаваць» наш паэтапны графік вываду ў рамонт цеплавых сетак у міжацяпляльны перыяд з улікам нечых асабістых планаў — напрыклад, у некага прыезд гасцей супадае з адключэннем гарачага водазабеспячэння. Даводзіцца тлумачыць, што графік прайшоў узгадненне на розных узроўнях, у тым ліку з Полацкім райвыканкамам, у адпаведнасці з планам размеркаваны рэсурсы, і мы не маем магчымасці ўлічваць кожную асабістую просьбу, — падзяліўся Аляксандр Худобкін.

А пытанняў да працы калектыву цеплаэлектрацэнтралі ў жыхароў Полацка не ўзнікла. Такім чынам, са сваёй непасрэднай задачай філіял спраўляецца паспяхова. Дарэчы, прамая лінія праходзіла напярэдадні адключэння цеплазабеспячэння ў цэнтральнай частцы горада для правядзення гідраўлічных выпрабаванняў і планавага рамонту цеплавых сетак. Так што падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду 2023/2024 гг. на Полацкай ЦЭЦ працягваецца.

І ў катлатурбінным цэху Полацкай ЦЭЦ, і ў іншых падраздзяленнях прадпрыемства галоўнае пытанне на парадку дня — правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў абсталявання. Філіялам выконваюцца ўсе графікі, і энергетыкі цеплацэнтралі з высокай адказнасцю рыхтуюцца да забеспячэння бесперабойнага цеплазабеспячэння горада і ўстойлівай працы ў маючы адбыцца восеньска-зімовы перыяд.

Нагадаем, што сёлета філіялам запланавана замяніць 4,145 км цеплавых сетак, з іх - на сямі ўчастках агульнай працягласцю 1,941 км выканаць капітальны рамонт традыцыйным спосабам і яшчэ на пяці працягласцю 2,205 км зрабіць замену на перадізаляваныя трубаправоды.

Цяпер на адных участках цепласетак работы завершаны поўнасцю. На іншых - ідзе добраўпарадкаванне. На трэціх - напрыклад, у дварах дома № 18 па вул.Свярдлова і дома № 11 па пр.Францыска Скарыны - падрадныя арганізацыі выконваюць дэмантаж. Яшчэ на адным участку - у раёне дома №11 па вул.Школьнай - работы пачнуцца ў жніўні.

https://www.pvestnik.by