— Традыцыйна ў летні перыяд у нас працуюць педагагічныя, экалагічныя, сельскагаспадарчыя, сэрвісныя атрады. У рамках праекта «Выбіраем студатрад!» мы расказваем пра студатрадаўскі рух навучэнскай моладзі і запрашаем да яго далучыцца, — падзялілася першы сакратар Полацкага РК ГА «БРСМ» Ганна Сярко. — Прыемна, што ёсць хлопцы, якія з году ў год імкнуцца, каб іх лета было працоўным.
Зараз на Полаччыне працуюць 9 студэнцкіх атрадаў рознай накіраванасці. У іх працуюць 89 хлопцаў і дзяўчат, 5 з іх знаходзяцца на розных відах уліку, 2 - сіроты.
Ужо другі год запар на праполцы пасадачнага матэрыялу ў гадавальніку Полацкага лясгаса працуе моладзь. 17 байцоў экалагічнага атрада «Лясавікі» імя А.А. Мініна ратуюць ад пустазелля маленькія ялінкі, хвоі, саджанцы лісцяных парод.
— У 2022 годзе студатрадаўцы прыемна здзівілі сваёй працаздольнасцю і адказнасцю, таму ў гэтым сезоне мы вырашылі прадоўжыць супрацоўніцтва з нашай моладдзю. І зноў не пралічыліся. Юнакі і дзяўчаты стараюцца. Праца ў іх карпатлівая, бо высадкі яшчэ зусім невялікія. Рабяты спраўляюцца з пастаўленай задачай на «выдатна», — адзначыў галоўны ляснічы Полацкага лясгаса Аляксей Кулінок.
Навучэнцы задаволены, што ў іх ёсць магчымасць зарабіць, хоць часам бывае і няпроста 7 гадзін палоць. Дарэчы, працягласць адной разоры - 70 метраў. Байцы студатрада ўжо прапалолі больш за 2,5 га маладых насаджэнняў хваёвых і ліставых дрэў.
Ангеліна Варанцова, выпускніца СШ №2:
— Ужо другі год запар працую летам на праполцы ў гадавальніку. Мінулым разам засталася вельмі задаволеная вынікам, прыемна здзівіла зарплата. Скончыла 11 класаў, пытанне з паступленнем у мяне ўжо вырашана, таму ёсць час папрацаваць, а дзякуючы ГА «БРСМ» ёсць магчымасць патрапіць у студатрад.
Яўген Плохаў, выпускнік СШ №16:
— Летась працаваў на абласной маладзёжнай будоўлі ў нас у Полацку. Разумеючы, што пасля выпускнога да ўступнай кампаніі ў мяне ёсць вольны час, вырашыў правесці яго з карысцю. Праца падабаецца, да таго ж за 10 дзён абяцаюць нядрэнны заробак.
Віялета Сыраватка, навучэнка БШ №9 імя А.С.Пушкіна:
— Упершыню трапіла ў студатрад. Мне падабаецца, за працоўны дзень паспяваю прапалоць адну баразну. Выдатна, што ў нас ёсць магчымасць папрацаваць улетку.