У чэрвені бібліятэкі-філіялы Полацкай РЦБС правялі больш за 200 мерапрыемстваў для прышкольных лагераў

14.07.2023

У апошнія гады адной з важных задач работы бібліятэк стала забеспячэнне прышкольных лагераў інфармацыйнай і асветніцкай дзейнасцю. Бо летнія канікулы - гэта ўнікальная магчымасць прыцягнуць да кнігі новых чытачоў, стварыць атмасферу творчасці і прыемнага далучэння да літаратуры.

Усведамляючы гэта, супрацоўнікі бібліятэк Полаччыны імкнуцца ствараць камфортнае і насычанае асяроддзе для юных чытачоў нашага раёна.

— У кожнай бібліятэцы распрацаваны планы па арганізацыі летняга вольнага часу непаўналетніх. Цягам чэрвеня ўстановы ажыццяўлялі цеснае супрацоўніцтва з летнімі прышкольнымі лагерамі. Нашы супрацоўнікі імкнуцца праводзіць разнапланавыя мерапрыемствы - пачынаючы ад агляду кніг і заканчваючы квэстамі, квізамі і знаёмствам з 3D-тэхналогіямі. Ужо з парога бібліятэка сустракае сваіх чытачоў незвычайнымі кніжнымі выставамі, якія ствараюць летні і радасны настрой, — расказвае Вольга Слінько, загадчык аддзела маркетынгу Полацкай РЦБС.

Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі імя Л.Талстога - філіяла №1 адкрылі летні сезон для сваіх чытачоў праектам «У кніг не бывае канікулаў». Толькі за чэрвень ва ўстановах культуры правялі 46 мерапрыемстваў па ўсіх напрамках дзейнасці, якія наведала 771 дзіця.

— Мы стараемся не толькі разнастаіць вольны час дзяцей, але і закрануць важныя тэмы: бяспека жыццядзейнасці, экалагічнае выхаванне, захаванне гістарычнай памяці. Адметнасцю гэтага года стала тое, што пасля кожнага мерапрыемства мы замацоўваем атрыманыя веды на майстар-класах, — зазначае Вольга Бандарэнка, загадчык дзіцячай бібліятэкі.

У чэрвені бібліятэкі-філіялы Полацкай РЦБС супрацоўнічалі з 20 прышкольнымі лагерамі. Для іх праведзена больш за 200 мерапрыемстваў, якія наведалі больш за 2500 чалавек.

Нягледзячы на тое, што Цэнтральная раённая бібліятэка імя Ф.Скарыны разлічана на абслугоўванне дарослага насельніцтва, у чэрвені яе ўтульныя залы наведвалі хлапчукі і дзяўчынкі з гарадскіх прышкольных лагераў. Для іх праводзілі творчыя лабараторыі па знаёмстве з сучаснымі гаджэтамі, квэсты і квізы.

— Дзеці спасцігаюць азы працы з VR-ачкамі, 3D-ручкамі, даследуюць розныя варыянты гульні OSMO — прыкладанні дапоўненай віртуальнай рэальнасці, — дзеліцца Валянціна Прыданава, загадчык інфармацыйна-бібліяграфічным аддзелам ЦРБ ім. Ф.Скарыны.

Навацыі ў працы з прышкольнымі лагерамі з'явіліся і ў іншых бібліятэках-філіялах. Так, напрыклад, у філіяле №8 стала запатрабавана такая форма мерапрыемства, як Дзень дублёра. А ў бібліятэцы імя Я.Купалы ўжо другі год рэалізуецца летні праект «Шэдэўрык», дзе хлапчукі і дзяўчынкі вырабляюць сваімі рукамі вырабы ў розных тэхніках.

Наперадзе шмат цудоўных дзён, цікавых уражанняў і новых сустрэч з любімымі кнігамі. Чытайце іх разам з дзецьмі, развівайцеся і адпачывайце! І ў наступным навучальным годзе кніга дапаможа ім дабіцца новых поспехаў, слаўных перамог і высокіх дасягненняў.

https://www.pvestnik.by