Так, у законе пазначана, што за грамадзянінам Беларусі не прызнаецца прыналежнасць да грамадзянства замежнай дзяржавы, акрамя выпадкаў, прадугледжаных міжнароднымі дамовамі нашай краіны. Грамадзяне Беларусі, у якіх ёсць другое грамадзянства, не могуць ухіляцца ад абавязкаў або вызваляцца ад адказнасці, якія выцякаюць з наяўнасці беларускага грамадзянства.
Акрамя таго, беларускія грамадзяне, якія атрымалі замежнае грамадзянства, від на жыхарства ці іншы дакумент, які дае права на льготы і перавагі ў іншай краіне ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, абавязаны паведаміць пра гэта органам МУС або дыпламатычнай службе цягам трох месяцаў. Адзначым, што пад вызначэнне «дакумента, які дае права на льготы і перавагі» падыходзіць і т. зв. «карта паляка». Таксама беларускія грамадзяне могуць праінфармаваць праваахоўныя органы і аб тым, што замежнае грамадзянства спынена або дзеянне ВНЖ ці іншага замежнага дакумента спынілася. Паставіць іх у вядомасць можна анлайн праз Адзіны партал электронных паслуг або асабіста звярнуўшыся ў органы ўнутраных спраў або дыпламатычнай службы.