Што прэзентуе Беларусь на Міжнароднай прамысловай выставе ІНАПРАМ-2023?

11.07.2023

Дырэктар «Белінтэрэкспа» БелГПП Наталля Кураш распавяла журналістам на Міжнароднай прамысловай выставе ІНАПРАМ-2023, якая беларуская тэхніка найбольш папулярная ў рамках мерапрыемства, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Па словах Наталлі Кураш, прадпрыемства папярэдне вяло працу са Свярдлоўскай вобласцю і іншымі партнёрамі — накіроўваўся спіс беларускіх удзельнікаў і кампаній, якія прыедуць у Екацярынбург. «Сёння выстава адкрыта для наведвання, і мы чакаем, што пакупнікам будзе цікава азнаёміцца з натуральнымі ўзорамі. Наведвальнікі таксама актыўна цікавяцца і фатаграфуюцца з экспанатамі», - распавяла яна.

Попыт на некаторыя машыны бачны яшчэ з учорашняга дня, дадала дырэктар. «Частка экспанентаў заязджала ўчора ўвечары, і ўжо ёсць пэўныя дамоўленасці аб продажы, засталося заключыць кантракт, — адзначыла кіраўнік «Белінтэрэкспа». - У цэлым попытам асабліва карыстаюцца трактары, беспілотнікі ад МТЗ як для прыватнага, так і для прафесійнага выкарыстання. У БЕЛАЗа і «Гомсельмаша» таксама ёсць шэраг зацікаўленых кліентаў. Ёсць вялікая цікавасць да камунальнай тэхнікi «Амкадор». Асобна цікавасць выяўляецца да аўтобусаў і электробусаў ад МАЗ. Акрамя гэтага, цікавыя на выставе трактар-балід і снегабалотаход. За балотаходам ужо выстраілася чарга з расійскіх і не толькі паляўнічых і рыбаловаў».

Наталля Кураш таксама выказала надзею, што ўвагу наведвальнікаў прыцягне канцэртная праграма, у якой плануецца ўдзел Аляксандра Саладухі, Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры», фальклорнага гурта «Купалінка» і іншых беларускіх артыстаў.

На выставе ІНАПРАМ прадстаўлена 125 прадпрыемстваў Беларусі. «Сектар прамысловасці мы прадставілі значна шырэй, чым, напэўна, любая іншая краіна да нас», — заключыла Наталля Кураш.

Беларусь упершыню выступае ў якасці краіны-партнёра Міжнароднай прамысловай выставы ІНАПРАМ. Выстава ўжо пачала сваю працу і працягнецца да 13 ліпеня. Беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале з прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам прыбыла ў Екацярынбург для ўдзелу ў мерапрыемстве. Раман Галоўчанка са сваім расійскім калегам Міхаілам Мішусціным і прэм'ер-міністрам Казахстана Аліханам Смаілавым прыме ўдзел у галоўнай стратэгічнай сесіі «Устойлівая вытворчасць. Стратэгія абнаўлення» выставы ІНАПРАМ-2023.

https://www.pvestnik.by