Актыў Полацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» пабываў у Мінску

07.07.2023

Падчас працы ў акрузе, на адной з сустрэч з актывам Полацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Адзінцова запрасіла палачанак на экскурсію ў Мінск у Дом урада, дзе можна адчуць атмасферу месца, у якім нараджаюцца законы краіны і прымаюцца важныя дзяржаўныя рашэнні.

І вось надышла гадзіна, калі мы – члены праўлення арганізацыі на чале са старшынёй Алінай Шчукінай і намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама Святланай Валюшкінай, старшыні пярвічных арганізацый і прадаўжальнікі традыцый жансавета — маладое крыло арганізацыі — адправіліся ў сталіцу. Па дарозе абмяркоўвалі новыя цікавыя праекты. Па выніках дзейнасці за мінулы год наша жаночая арганізацыя ўпершыню занесена на Дошку гонару Полацкага раёна. Прызнанне заслуг у грамадскай працы яшчэ больш зблізіла жанчын, натхніла на новыя, важныя і карысныя справы…

У Мінску каля Дома ўрада - унікальнага збудавання 30-х гадоў мінулага стагоддзя, у якім размяшчаецца Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нас сустрэла парламентарый Святлана Адзінцова і запрасіла прайсці ўнутр хмарачоса вышынёй 30 метраў. Пачалася экскурсія па пастаянна дзеючай экспазіцыі музея гісторыі Вярхоўнага Савета БССР і Парламента. У ролі нашага экскурсавода выступіў Кірыл Праяненкаў, кіраўнік прэс-службы Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яго аповед пра гісторыю беларускага парламентарызму, вытокі якога бяруць пачатак у Полацкім вечы, сеймах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай і працягваюцца ў новым прадстаўнічым і заканадаўчым органе – Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь, быў цікавым і карысным. Затым мы прайшлі ў Авальную залу. Яна здаецца кампактнай, а месціць 400 чалавек. Уразіла прыгажосцю люстра пад купалам у форме 5-ці канцовай зоркі. Яна важыць больш за 5 тон і лічыцца самай цяжкай у нашай краіне. Нам распавялі пра дзейнасць дэпутатаў, пазнаёмілі з алгарытмам падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў. Затым дэпутат Святлана Адзінцова запрасіла нас у свой працоўны кабінет і ў прэс-цэнтр, дзе падрабязна распавяла аб працы Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, і асноўных этапах працы па падрыхтоўцы законапраектаў.

Наша знаходжанне ў сталіцы прадоўжылася наведваннем ААТ «Мінскі трактарны завод» — флагмана машынабудавання Рэспублікі Беларусь, дзе працуе 16 тысяч чалавек. Мы пабывалі ў музеі прадпрыемства, прайшлі па цэхах, убачылі вытворчасць, дзе нараджаюцца сучасныя беларускія трактары. Па заканчэнні экскурсіі нас чакала сустрэча з аднадумцамі – актывам першаснай арганізацыі ГА «БСЖ» ААТ «МТЗ» на чале са старшынёй Веранікай Лунёвай. Мы даведаліся, што на заводзе працуюць 3 тысячы жанчын, і мясцовы жансавет вядзе актыўную грамадскую працу.

Наступным аб'ектам наведвання стала выстава «Яе рука» ў ГЦ «Сталіца», якая праводзіцца ў рамках праекта ГА «БСЖ», закліканага адкрыць талент беларускіх жанчын шырокай аўдыторыі. Разам з дэпутатам С.У. Адзінцова мы пазнаёміліся з вышытымі карцінамі Вольгі Ларынай, якая працуе ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім.М.М. Аляксандрава. Творчае хобі дапамагае таленавітай жанчыне адцягнуцца і адпачыць.

Дзелячыся ўражаннямі, удзельніцы паездкі былі аднадушныя ў меркаванні, што ўсё ўбачанае і пачутае было пазнавальным. Асобнае дзякуй за арганізацыю экскурсіі мы перадаем дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлане Адзінцовай і старшыні Полацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Аліне Шчукінай.

Полацк-Мінск-Полацк.

Фота Аліны БАЛЬШАКОВАЙ.

https://www.pvestnik.by