У Полацку аблічбавалі памятны знак, усталяваны ў гонар экіпажа танка пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза, малодшага лейтэнанта Васіля Дзмітрыевіча Халева

06.07.2023

У дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Полацку, у рамках рэспубліканскага праекта «Захаваем гісторыю», аблічбавалі памятны знак, усталяваны ў гонар экіпажа танка пад камандаванне Героя Савецкага Саюза, малодшага лейтэнанта Васіля Дзмітрыевіча Халева.

На ўрачыстым мерапрыемстве сабраліся прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, пошукавага атрада «Разведчыкі воінскай славы», моладзь, выхаванцы дзіцячага сада, а таксама госці з Архангельска (Расійская Федэрацыя) - рэгіянальная арганізацыя «Ваенна-патрыятычны клуб «Знамя Поўначы».

«Захаваем гісторыю» - гэта рэспубліканскі сумесны праект Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і РГА «Патрыёты Беларусі». Галоўны яго сэнс - размяшчэнне каля памятных месцаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь інфармацыйных стэндаў з QR-кодамі.

Васіль Дзмітрыевіч Халеў, будучы малодшым лейтэнантам, камандзірам танка Т-34 47-га асобнага палка 23-га гвардзейскага стралковага корпуса, у баях за Полацк праявіў цуды гераізму, адвагі і самаахвяравання ў імя Радзімы. Танкіст ахвяраваў сваім жыццём, першым уварваўшыся ў горад і знішчыўшы на шляху гарматы, агнямёты і жывую сілу фашыстаў. Яго танк быў падбіты, экіпаж да апошняга адбіваўся гранатамі. Байцы згарэлі, але ў палон не здаліся... Герой пахаваны ў брацкай магіле ў Полацку. А перад уездам у горад усталяваны гэты мемарыял-помнік - як сімвал мужнасці экіпажа Халева і іншых танкістаў, якія аддалі свае жыцці за вызваленне горада.

Права ўсталяваць таблічку з QR-кодам падалі Вользе Захаранка, старшыні Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў, Ірыне Дзёмінавай, начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама, старшыні Полацкай РГА РГА «Белая Русь», Таццяне Акімавай, старшыні Полацкай РА РГА «Патрыёты Беларусі» а таксама членам Саюза афіцэраў, ветэранам 37-й танкавай дывізіі Фёдару Адзінцу, Уладзіміру Раманаву.

Прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць аб загінуўшых земляках, і да падножжа помніка леглі пунсовыя гваздзікі.

Уладзіслаў Замараеў, дырэктар Архангельскай грамадскай арганізацыі «Ваенна-патрыятычны клуб «Знамя Поўначы»:

- Прыемна прыняць удзел у акцыі на старажытнай полацкай зямлі. Разам з беларускім народам мы імкнемся захаваць памяць аб героях часоў Вялікай Айчыннай вайны. Калі ў нас не будзе агульнай гісторыі - не будзе і будучыні.

Фота Віктара Чарняўскага.

https://www.pvestnik.by