Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ім. Еўфрасінні Полацкай споўнілася 55 гадоў

06.06.2023

Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ім. Еўфрасінні Полацкай, якая распачала адлік гісторыі ў статусе Наваполацкага політэхнічнага інстытута, споўнілася 55 гадоў. За гэты час універсітэт стаў адным з прэстыжных ВНУ краіны, дзе рыхтуюць студэнтаў па розных спецыяльнасцях.

Установа адукацыі з'яўляецца месцам, дзе ствараюцца інавацыйныя тэхналогіі і праводзяцца навуковыя даследаванні, якія садзейнічаюць развіццю нашага рэгіёну і краіны.

Важныя імёны

Значны ўклад у развіццё ВНУ ўнеслі кіраўнікі, кожны з якіх памнажаў патэнцыял навучальнай установы.

У вытокаў стварэння філіяла Беларускага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга політэхнічнага інстытута стаяў Барыс Сакалоў. У сваю чаргу Пётр Швед пашырыў спектр спецыяльнасцей, і пры ім пачалі будаваць новы корпус. Эрнст Бабенка сабраў ва ўніверсітэце каманду лепшых спецыялістаў з усяго СССР. Дзякуючы Эрнсту Міхайлавічу ў ВНУ пачалі сваё развіццё гуманітарыстыка, магістратура і аспірантура. Пры Дзмітрыi Лазоўскім з'явіліся новыя спецыялізацыі: архітэктура і дызайн, электрычныя сеткі, камп'ютарная бяспека. Атрымаў імпульс Наваполацкі нафтахімічны кластар. Былі палепшаны ўмовы для масавага навучання замежных студэнтаў. Пачалося аднаўленне Полацкага калегіума.

Алег Раманаў з павагай ставіўся да заслуг кіраўнікоў універсітэта і памнажаў патэнцыял. Крыху больш за год універсітэт узначальвае Юрый Раманоўскі.

Падарунак да юбілею

Урачыстым момантам святкавання 55-годдзя ВНУ стала адкрыццё галерэі «Слаўны летапіс», удзел у якой узялі Юрый Раманоўскі, рэктар універсітэта, і Ігар Марковіч, старшыня Полацкага райвыканкама.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае помнік Айчыннай вайны 1812 года - «Вітгенштэйнаўскае ядро». Паводле легенды, падчас штурму Полацка 7 кастрычніка 1812 г. 1-м рускім пяхотным корпусам пад камандаваннем генерала Пятра Вітгенштэйна адно з ядраў уляцела праз акно першага паверха Полацкай езуіцкай акадэміі і да паловы моцна засела ў сцяне. Акрамя ўнікальнага артэфакта ў галерэі размясціліся 13 партрэтаў найлепшых выпускнікоў Полацкага кадэцкага корпуса. Пад кожнай выявай размешчана таблічка з QR-кодам, счытаўшы які можна даведацца пра слаўныя подзвігі кадэт-палачан.

Ігар Марковіч, старшыня Полацкага райвыканкама, і біскуп Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій за шматгадовае надзейнае партнёрства ўдастоены нагруднага знака Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай.

Узнагароды найлепшым

На пасяджэнні Савета ўніверсітэта, прысвечаным святкаванню 55-годдзя ўстановы адукацыі, лепшым работнікам ВНУ ўручылі заслужаныя ўзнагароды. Ігар Марковіч павіншаваў прысутных са значнай датай, падзякаваў за шматгадовае супрацоўніцтва, уручыўшы Грамату Цэнтрвыбаркама Рэспублікі Беларусь Ірыне Шахноўскай, загадчыку кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання. Таксама падчас урачыстасці лепшым супрацоўнікам ПДУ ўручаны ўзнагароды Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, галіновага прафсаюза, Наваполацкага гарвыканкама і Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў, нагрудныя знакі.

Самай хвалюючай падзеяй святочнага тыдня стала XV Урачыстая цырымонія ўручэння спецыяльнай прэміі «Крынiца ведаў — 2023». У гэты асаблівы вечар са сцэны гучалі цёплыя словы віншаванняў і ўручаліся ўзнагароды. Па традыцыі выбралі пераможцаў у намінацыях: «Падзея года», «Гонар і слава ўніверсітэта», «Кіраўнік года», «Выкладчык года», «Спецыяліст года», «Малады вучоны года», «Студэнт года», «Студэнцкая група года» , «Спартсмен года» і «Талент года».

Парасон-Fest

У рамках 55-годдзя ўніверсітэта пяцігоддзе адзначыў фестываль парасонаў ва ўнутраным дворыку былога езуіцкага калегіума. Арганізатары прапанавалі гасцям пазнаёміцца з творчасцю беларускага мастака Івана Хруцкага, ураджэнца полацкай зямлі.

Перанесціся ў мінулае майстры партрэта і нацюрморта дапамагла творчая група СШ №10 імя У.М. Азіна, прэзентаваўшы інфармацыйна-адукацыйны праект «Іван Хруцкі». Госці мерапрыемства прынялі ўдзел і ў займальных майстар-класах, а таксама роспісе карціны «Партрэт невядомай з кветкамі і садавіной».

Юбілей — гэта час падвесці вынікі і намеціць планы на будучыню. Так, на падставе пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у полацкай ВНУ з'явіцца вайсковая кафедра. Юрый Раманоўскі падкрэсліў: «У наш час важна выхаваць не толькі добрага спецыяліста, але і самаахвярнага абаронцу нашай Радзімы, сапраўднага патрыёта роднай Беларусі! Гэтаму будзе садзейнічаць адкрыццё ваеннай кафедры, якая пачне функцыянаваць ужо сёлета».


Полацкі дзяржуніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай сёння адкрыты для перадавых інавацый, цеснай інтэграцыі з іншымі ўстановамі адукацыі не толькі Рэспублікі Беларусь, але і далёка за яе межамі.

https://www.pvestnik.by