Дзе і як на Полаччыне будуць працаваць дзіцячыя лагеры?

06.06.2023

Гэтым летам у Полацкім раёне, як звычайна, адкрыецца некалькі відаў дзіцячых аздараўленчых лагераў.

Дзённыя лагеры з 1 чэрвеня працуюць ва ўсіх базавых і сярэдніх школах, гімназіях, РЦДіМ і ЦКРНіР. У 2-ю змену яны будуць арганізаваны ў ПГГ №1 і СШ №16, у 3-ю - у ПГГ №2, СШ №№ 1, 2, 6, 8, 10, 14, 18, Фарынаўскай СШ. Працягласць змены складзе 18 дзён. Для дзяцей прадугледжана 3-разовае харчаванне, а для навучэнцаў 1-4 класаў - яшчэ і дзённы сон. У школьных лагерах плануецца аздаравіць амаль 2000 юных жыхароў Полаччыны.

У тры змены будуць прымаць рабят загарадныя лагеры з кругласутачным знаходжаннем: «Чайка» ўпраўлення па адукацыі, «Лясная казка» аддзела спорту і турызму і «Космас» ААТ «ПСВ». Таксама будзе арганізавана работа двух профільных лагераў - «Азімут» (на базе Полацкага РЦДіМ) і «Патрыёт» (на базе в/ч 5530). Усяго ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем плануецца аздараўленне 1570 дзяцей.

Спартыўныя лагеры дапамогуць не страціць летам добрую фізічную форму 650 выхаванцам полацкіх спартыўных школ і Віцебскага абласнога ЦАР.

140 дзяцей старэйшых за 14 гадоў будуць наведваць 9 лагераў працы і адпачынку. Такую магчымасць школьнікам дадуць у ПГГ №1 імя Ф.Скарыны, школах №№2, 8, 15, 16, Багатырскай, Ветрынскай, Гаранскай, Фарынаўскай. А яшчэ 240 непаўналетніх змогуць працаваць у складзе рамонтных брыгад. Для арганізацыі летняй занятасці рабят створаны рознаўзроставыя атрады на базе падлеткавых клубаў па месцы жыхарства ў мікрараёнах нашага горада Ноўка, Марыненка, Цэнтр, а таксама ў аг.Жарнасекі.

Адказвае галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Анжэла ВАЛАСЕВІЧ:

— Які кошт пуцёўкі ў лагер?

— Бацькоўская даплата ў аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем дзяцей на базе гарадскіх школ — ад 8 да 30 руб. у залежнасці ад узросту дзіцяці. У сельскіх школах харчаванне дзяцей арганізуецца бясплатна. Кошт пуцёўкі ў аздараўленчы лагер «Чайка» складае ад 550 да 568 руб., з якіх 264 руб. — дзяржаўная датацыя.

— Для якіх катэгорый дзяцей прадугледжаны льготы пры набыцці пуцёвак?

— З даплатай да поўнага кошту за кошт сродкаў раённага бюджэту, але не больш за адзін раз на працягу года прадастаўляюцца пуцёўкі ў лагеры, размешчаныя на тэрыторыі Полацкага раёна: дзецям-інвалідам і асобам, якія іх суправаджаюць; дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, дзецям з малазабяспечаных, са шматдзетных сем'яў, дзецям, прызнаным знаходзячымiся ў сацыяльна небяспечным становішчы;
• дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця працаўнікоў бюджэтных устаноў, фінансуемых з раённага бюджэту;
• дзецям, у якіх абодва бацькі - непрацуючыя пенсіянеры.

— Як праходзіць аздараўленне дзяцей у цяперашні час?

— У школьныя лагеры у 1-ю змену залічана на 150 дзяцей больш, чым было запланавана. У лагер «Чайка» пуцёўкі на 2-ю змену ўжо выкуплены, ёсць месцы на 1-ю (з 18 чэрвеня па 5 ліпеня) і 3-ю (з 29 ліпеня па 15 жніўня) змены. Таксама яшчэ ёсць магчымасць бясплатна залiчыць дзіця ў ваенна-патрыятычны лагер «Патрыёт»: 1-я змена - з 19 па 27 чэрвеня, 2-я - з 24 ліпеня па 1 жніўня. Лагер разлічаны на хлопчыкаў 13-17 гадоў. Запрашаем!

— Куды звяртацца бацькам для набыцця пуцёўкі?

— Па школьных лагерах — у школы; па лагеры «Чайка» - па тэлефонах: 43-60-79, 8 (029) 295-75-18; па лагеры «Патрыёт» - па тэлефоне 49-35-49.

https://www.pvestnik.by