120 хлопцаў і дзяўчат з Полацкага раёна прынялі ўдзел у абласным фестывалі «Моладзь за мір і стварэнне»

02.06.2023

Упершыню ў Віцебску прайшоў абласны фестываль «Моладзь за мір і стварэнне». Удзел у маштабным мерапрыемстве прынялі 120 хлопцаў і дзяўчат з Полацкага раёна, сярод іх актывісты ГА «БРСМ», прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры Полацкім райсавеце дэпутатаў, працоўных калектываў, навучэнцы каледжаў, байцы студатрадаў.

Старт фестывалю далі дыялогавыя пляцоўкі, якія прайшлі ў навучальных установах у кожным раёне вобласці. Полацк не стаў выключэннем, у навучэнцаў каледжаў была магчымасць абмеркаваць з экспертамі хвалюючыя іх пытанні.

На плошчы Перамогі ў Віцебску ля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны адбыўся мітынг-рэквіем, дзе прысутныя аддалі даніну памяці тым, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся за мір. А пасля ўскладання кветак удзельнікі фестывалю прайшліся маршам да Летняга амфітэатра. Там моладзь чакалі шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі.

Яркім фіналам фестывалю стаў канцэрт «Мы - маладыя – надзея краіны», дзе адбылася прэм'ера песні, прысвечаная саюзу моладзі, а таксама 37 студатрадам вобласці ўручылі пуцёўкі ў трэці працоўны семестр-2023.

- Рады, што сёння на фестывалі мы ўручаем пуцёўкі ў працоўнае лета, каб на справе даказаць, наколькі моцныя вашы імкненні да стварэння. Студатрады ўносяць важкі ўклад у эканоміку і сацыяльную сферу нашай краіны. З кожным годам маладзёжны рух па працаўладкаванні расце, пашырае сферы дзейнасці, — з прывітальным словам да моладзі звярнуўся старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Аляксандр Лук'янаў:

- Хацелася б, каб гэта лета для кожнага з вас стала важным. Выкарыстоўвайце ўсе магчымасці, якія ў вас ёсць, а іх нямала. У нас вераць, хлопцы! У нас вераць нашы бацькі, родныя і блізкія, у нас верыць наш Прэзідэнт.

Фота з архіва РК ГА «БРСМ»

https://www.pvestnik.by