Тэатр у Віцебску праводзіць ужо 37-ы сезон. Свой дзень нараджэння ён адзначае ў другой палавіне красавіка - утварылася "Лялька" 20 красавіка 1985 года як лялечная трупа пры Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, а ў 1990-м стала самастойным калектывам. Ён падрыхтаваў сюрпрызы для гледача: пастаноўкі, капуснік і забаўляльная праграма ў лакацыі, аформленай у стылі 1980-х.
"Свята "Свята "Лялькі" прадугледжвае вялікую справаздачу аб праведзенай рабоце за год. У нас адбыліся тры прэм'еры, дзве з якіх мы пакажам - "Кацёл з каменьчыкамі" і "Каля-Маля", - растлумачылі ў тэатры.
Пастаноўку паводле Караткевіча "Кацёл з каменьчыкамі" прапануюць паглядзець жыхарам і гасцям Віцебска ў вячэрні час, паколькі яна прадугледжвае прысутнасць не толькі юнага, але і дарослага гледача. Пранікнуцца сур'ёзнымі і важнымі тэмамі твора і ўбачыць яго вачыма тэатра "Лялька" можна будзе 27 красавіка ў 18.00. Перад спектаклем у тэатры прадставяць святочную праграму, чакаюцца майстар-класы, выступленні артыстаў, калектываў мастацкай самадзейнасці абласнога цэнтра. Артысты абяцаюць: абстаноўка будзе святочная, незвычайная для тэатральных будняў.
Вечар 29 красавіка будзе прысвечаны тэатральнаму капусніку. Тут будуць сабраны прыдуманыя і падрыхтаваныя акцёрамі нумары, дзе яны самі выступілі рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі і выканаўцамі. Гасцей чакаюць жартоўныя і сур'ёзныя эцюды, мініяцюры, чытанне паэзіі і выступленні пад акампанемент музычных інструментаў. Знатакоў мастацтва запросяць на дыялог пра дабро і зло, мір, узаемаразуменне, узаемадзеянне лялькі з акцёрам і не толькі. А спачатку глядач акунецца ў атмасферу мінулых гадоў. "Перад капуснікам у фае "Лялька" запросіць да ўдзелу ў забаўляльнай частцы для дарослых гледачоў, - адзначылі ў тэатры. - Плануем зрабіць у стылі 1980-х гадоў, калі былі ў парках культуры танцпляцоўкі, зоны з аўтаматамі газіраванай вады і буфетам з пірожнымі, піражкамі і булачкамі".
Завершыць "Свята "Лялькі" паказ 29 красавіка добрай казкі-фантазіі ў адно дзеянне "Каля-Маля". На спектакль у 11.00 запрашаюць маленькіх гледачоў з пачатковых класаў школ рэгіёна.
Усе дні святкавання дня нараджэння тэатра ў ім будуць працаваць тэматычныя фотазоны. Асобна артысты правядуць майстар-класы, каб госці змаглі зрабіць і забраць з сабой сувенір на памяць. У "Ляльцы" абяцаюць, што сумаваць на ўрачыстасці нікому не давядзецца.