Бах, Ган, Шастаковіч: арганны вечар расійскага музыканта Юрыя Сямёнава пройдзе ў Віцебску

21.03.2023

Музыка розных эпох, стыляў і характараў прагучыць 21 сакавіка на арганным вечары расійскага музыканта Юрыя Сямёнава ў Віцебску. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла рэжысёр Віцебскай абласной філармоніі Кацярына Дыбаль.

Педагог, даследчык арганнай гісторыі Санкт-Пецярбурга Юрый Сямёнаў сёння выкладае ў кансерваторыі горада на Няве. У Віцебскай абласной філармоніі ён выканае вялікія творы ў Дзень нараджэння Іагана Себасцьяна Баха, чатыры работы якога таксама прагучаць у гэты вечар. Гарманічна дапоўняць праграму музычныя творы Шастаковіча, Юдзіна, Міхайлава і Гана.

"Музыкант (Юрый Сямёнаў. - Заўвага БЕЛТА), выбудоўваючы сваю праграму, ідзе не ад эпохі да эпохі, а адштурхоўваецца ад сэнсу музычных твораў, - растлумачыла Кацярына Дыбаль. - Калі звярнуць увагу, якім чынам фарміруецца праграма, стане зразумела: тут спалучаюцца 17-ы, 20-ы, 19-ы, затым зноў 20-ы стагоддзі. Калі творы гучаць у такой паслядоўнасці, асноўны змест канцэрта грунтуецца менавіта на сэнсавай нагрузцы кожнага з іх, - гэтыя эпохі зліваюцца разам. Музыка набывае новы маштаб".

Рэжысёр дадала, што арган - інструмент спецыфічны, а яго гучанне шмат у чым залежыць ад чалавека, які іграе. "У гэтым ёсць нямала тонкасцей і нюансаў. Адзін і той жа твор у выкананні розных музыкантаў будзе гучаць зусім па-рознаму", - удакладніла яна. Інтэрпрэтацыі расійскага арганіста становяцца прамым узаемадзеяннем выканаўцы з музыкай вялікіх майстроў, ён усталёўвае і ўмацоўвае сувязі сучаснага і мінулага. Асаблівае значэнне тут мае і маштабнасць саміх твораў.

Канцэрты арганнай музыкі ў афішы Віцебскай абласной філармоніі з'яўляюцца практычна штомесяц. Часам гэта шоу на мяжы эксперыменту, калі арган спалучаецца з саксафонам або раялем, і пачынаецца музычны рынг - спаборніцтва інструментаў-каралёў. Гэты вечар пройдзе ў акадэмічным рэчышчы. Атрымаць асалоду ад урачыстага і велічнага гучання аргана ў выкананні расійскага музыканта Юрыя Сямёнава віцебскі глядач зможа 21 сакавіка ў 19.00.

БелТА