Аспірант Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Аляксандр Сяргееў стаў уладальнікам стыпендыі Прэзідэнта Беларусі за распрацоўку ў сферы віртуальнага архівавання. Аляксандр займаецца распрацоўкай і ўкараненнем метаду віртуальнага архівавання, захоўвання і забеспячэння аддаленай работы з музейнымі фондамі і асобнымі экспанатамі з дапамогай стварэння лічбавых трохмерных копій матэрыяльных аб'ектаў шляхам фотаграметрычнага сканіравання. Таксама ён працуе над развіццём спецыялізаванай фотастудыі, дзе будуць займацца алічбоўкай розных аб'ектаў. Падобных студый у Беларусі яшчэ няма, і такі інтэлектуальны і інавацыйны прадукт мог бы стаць яшчэ імпартазамяшчальным.