У Віцебску вызначылі ўладальнікаў Гран-пры фестывалю «Арт-парад»

09.01.2023

Сёння завяршыўся IV Міжнародны фестываль-конкурс "Арт-парад у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На гала-канцэрце фіналісты прапанавалі свае конкурсныя нумары на суд гледачоў і журы. Гэта былі лепшыя артысты з больш як тысячы прэтэндэнтаў вочнага тура. Таксама на Гран-пры прэтэндавалі фіналісты анлайн-конкурсу, сярод якіх былі выканаўцы з Беларусі, Расіі, Ізраіля, Егіпта.

Зала бурнымі апладысментамі сустракала ўдзельнікаў заключнага творчага спаборніцтва. Лаўрэаты першай ступені спаборнічалі за два Гран-пры - у вакальнай і харэаграфічнай намінацыях. Незабыўным голасам захапіў гледачоў і кампетэнтных суддзяў артыст з Кітая, выканаўшы песню пра каханне. Аднак спявачкі з Беларусі і Арменіі ўзняліся на самую высокую прыступку топа, захапіўшы ў палон сэрцы ўсіх, хто знаходзіўся ў зале, таму галоўная інтрыга да канца трымала гледачоў у напружанні.

Што датычыцца танцавальных нумароў, то выключнай любоўю гледачоў карысталіся "Віцебскія дзяўчаты" - калектыў, які выканаў яўрэйскі танец, нагадаўшы гасцям фестывалю, што ў абласным цэнтры некалі жыў і працаваў Марк Шагал.

Не раз меркаванне слухачоў і балельшчыкаў разыходзілася з ацэнкамі членаў журы. Гэта было нядзіўна, паколькі на гала-канцэрце былі прадстаўлены адборныя, самыя сакавітыя выступленні. Як суддзям удалося выбраць сярод лепшых самых лепшых, застаецца загадкай, але на тое яны і прафесіяналы, каб улоўліваць кожны недахоп у песні і танцы.

Галоўны прыз "Арт-парада ў Віцебску" і сертыфікат на ўдзел у XXXII фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў намінацыі "Вакал" уручылі Марыцы Цілікян з Арменіі, якая ўразіла ўсіх пранікнёнай баладай на ваенную тэму.

У харэаграфіі перамогу прысудзілі віцябчанам - народнаму тэатру-студыі сучаснай харэаграфіі пад кіраўніцтвам Дзіяны Юрчанка. Артысты гэтага калектыву ўжо былі заяўлены як удзельнікі будучага форуму мастацтваў, таму сваю пуцёўку на фестываль яны падарылі ўзорнаму ансамблю танца "Натхненне" (Беларусь).

БелТА