Тэлевізары 1950-х, модныя паліто 1970-х: у Віцебску адкрылі выставу да 100-годдзя СССР

03.01.2023

У віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстава "Эпоха вялікіх здзяйсненняў", прысвечаная 100-годдзю з дня ўтварэння СССР, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэту выставу мы рыхтавалі доўга, падбіраючы напрамкі, якія можна было адлюстраваць у ёй. Нам хацелася паказаць адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, прамысловасць, культуру. Мы вырашылі абапірацца на дзве базавыя пазіцыі. Па-першае, гэта наяўнасць толькі экспанатаў з музейных фондаў. Па-другое, гэта гісторыя Віцебска і рэгіёна ў кантэксце важных падзей, якія адбываліся ва ўсім Савецкім Саюзе. У нас была асаблівая гісторыя, таму што ў Віцебска была свая спецыфіка. З другой палавіны XIX стагоддзя тут сфарміравалася добрая база прамыслова-тэхнічных спецыялістаў, прадпрыемстваў, культурных устаноў. Ужо з 1920-х гадоў у горадзе актыўна развіваліся прамысловасць, арцельная вытворчасць. У Віцебску быў адкрыты другі ў краіне тэатр, працавалі кансерваторыя, некалькі спартыўных пляцовак, кінатэатраў. І ў даваенны перыяд цяперашні абласны цэнтр лічыўся прамысловай сталіцай, таму што вядучыя прадпрыемствы - "Сцяг індустрыялізацыі", "КІМ" - выраблялі да 70 працэнтаў усёй прадукцыі лёгкай прамысловасці", - расказала куратар выставы і вядучы навуковы супрацоўнік музея Надзея Варламава.

Спецыяліст таксама адзначыла, што пасля Вялікай Айчыннай вайны амаль разбураныя прадпрыемствы Віцебска хутка перабудаваліся на новую вытворчасць. У пасляваенны час першым пачаў працаваць цагельны завод, які забяспечваў будаўнічую галіну. У 1950-я гады будаўніцтва выйшла на новы ўзровень: будаваліся цэлыя мікрараёны, а ў 1974 годзе тут была ўжо добрая гарадская інфраструктура. Іншыя прадпрыемствы таксама падключыліся да сацспаборніцтва, і Віцебск ударнымі тэмпамі адбудоўваўся з разрухі.

На выставе "Эпоха вялікіх здзяйсненняў" прадстаўлены ўзоры многіх прадпрыемстваў таго часу. Гэта панчошна-шкарпэтачныя вырабы, модныя паліто, узоры дамашняй тэхнікі, напрыклад, тэлевізары 1950-1960-х гадоў. Сярод апошніх ёсць адна з першых мадэлей "Гарызонта" і тэлевізар, які выпускаўся на "Віцязі". Вельмі цікава параўнаць гэтыя мадыфікацыі, якія некалькі дзясяткаў гадоў таму называліся "ящиками", з цяперашнімі ўзорамі з плоскім экранам.

Куток дзіцячага сада з простымі і мілымі цацкамі, школьны клас з карычневай сукенкай, дапоўненай белым фартухом, кніжныя паліцы, макеты аўтамабіляў, жылы пакой са знакамітым квяцістым дываном на сцяне, а таксама крэсла Пятра Машэрава, якое разам з узнагародамі і некаторымі іншымі асабістымі рэчамі перадала ў фонд музея жонка беларускага палітычнага дзеяча. З фатаграфій на наведвальнікаў выставы глядзелі людзі той эпохі - дзеці, дарослыя, прадстаўнікі розных прафесій. Людзі, народжаныя ў СССР, з заміраннем сэрца глядзелі на сабраныя рэчы і ў думках вярталіся ў часы юнацтва і дзяцінства. А моладзь скрупулёзна вывучала экспанаты, якія ніколі не бачыла і, магчыма, чула пра іх толькі з апавяданняў бабуль, дзядуль і бацькоў.

Выставу можна наведаць да 1 ліпеня 2023 года.

БелТА