Ганчар з Браслава Валерый Зінкевіч стварае посуд розных стагоддзяў

16.12.2022

Валерый Зінкевіч нарадзіўся ў іншай краіне, а пераехаў у Браслаў з сям'ёй у 4 гады. Тут ён вырас, набыў сяброў і блізкіх людзей. Разам з жонкай, якая загадвае мясцовым музеем традыцыйнай культуры, ён развівае аграэкатурызм, дапамагае арганізоўваць фестывалі сярэднявечнай культуры і экспазіцыі. "Браслаў - гэта мая Радзіма, тое месца, тыя азёры, тыя лясы, тыя людзі, без якіх я сябе не ўяўляю", - гаворыць майстар. Уладальнік аграэкасядзібы Валерый Зінкевіч, керамічных спраў майстар, сваім пастаяльцам акрамя прадастаўлення начлегу заўсёды гатовы правесці змястоўны майстар-клас і расказаць гісторыю мастацтва. У яго ганчарнай майстэрні, якую ён сам называе мікра-арт-прасторай, нават самы далёкі ад крэатыву чалавек акунаецца ў творчасць. Праз аграэкасядзібу мастака праходзіць турыстычны маршрут "Кругасветка ўражанняў", які ўключае таксама конныя прагулкі, водныя экскурсіі, візіты ў мясцовы Музей традыцыйнай культуры, на сямейную ферму.