Выстава мастака-свяшчэнніка «Птушыны вянок» адкрылася ў Віцебску

08.12.2022

У выставачнай зале Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва адкрылася персанальная выстава Сяргея Сурыновіча "Птушыны вянок". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

Сяргей Сурыновіч з'яўляецца ўраджэнцам Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Ён скончыў духоўныя семінарыі ў Гродне і Санкт-Пецярбургу, магістратуру і напісаў дысертацыю ў галіне багаслоўя, абараніўшы яе ў Рыме. З 2001 года ён як свяшчэннік служыў на Каўказе, Урале, у Калінінградзе. Пасля вяртання на Радзіму яго шлях служэння Богу праходзіў у Віцебску, Браслаўскім раёне, дзе Сяргей Сурыновіч асталяваўся ў Друі. Па яго ініцыятыве праводзіліся многія дабрачынныя акцыі, ён не раз арганізоўваў выступленні музыкантаў у прыходах, дзе служыў. Ён захапляецца паэзіяй, у яго ёсць некалькі зборнікаў вершаў - "Летуценнік", "Пакліканне". Святы айцец з'яўляецца арганізатарам і штогадовага Друйскага мастацкага пленэру, у якім прынялі ўдзел больш за 150 жывапісцаў з нашай краіны і з-за мяжы.

На персанальнай выставе ў Віцебску Сяргей Сурыновіч прадставіў свае мастацкія работы, напісаныя ў бягучым годзе. Экспазіцыя "Птушыны вянок" прадставіла калекцыю з 31 твора, выкананага ў тэхніцы алеем на палатне. Натхненнем для аўтара стаў багаты свет арніталогіі Сінявокай. На палотнах з духоўным падтэкстам можна ўбачыць і ўсім знаёмых птушак, і рэдкіх, занесеных у Чырвоную кнігу, а некаторыя знаходзяцца на мяжы вымірання. Адлюстраваныя вобразы далікатна нагадаюць гледачам, наколькі неабароненым бывае навакольнае асяроддзе і як беражліва трэба адносіцца да прыроды, берагчы яе і захоўваць багацце жывёльнага свету, дараванага Богам.

Выстава будзе адкрыта для наведвання да 26 лютага 2023 года.

БелТА