Наталля Качанава прыняла ўдзел у пасяджэнні Полацкага райвыканкама

24.10.2022

Пытанні развіцця сістэмы адукацыі і рэалізацыі маладзёжнай палітыкі на рэгіянальным узроўні абмеркавалі ў Полацкім райвыканкаме на пасяджэнні, у якім прыняла ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Забяспечанасць матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі ўстаноў адукацыі, напаўняльнасць школ, падвоз вучняў з аддаленых населеных пунктаў, кадравы патэнцыял і іншыя праблемы сферы адукацыі абмеркавалі на пасяджэнні. Кіраўнік раёна Ігар Марковіч падкрэсліў важнасць выхаваўчага элемента ў адукацыйным працэсе, прычым звярнуў увагу, што неабходна вучыць дзяцей паводзіць сябе дастойна не толькі ў сценах школы, але і ў звычайным жыцці.

Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Валюшкіна расказала, што ў гэтым годзе ў раён прыбылі больш за 300 маладых спецыялістаў. Замацавальнасць сярод гэтай катэгорыі работнікаў складае 95 працэнтаў, а сярод спецыялістаў трэцяга года, якія адпрацавалі два абавязковыя гады пасля заканчэння ВНУ або ССНУ, - 72 працэнты.

Наталля Качанава адзначыла, што кадравае пытанне і замацавальнасць моладзі вельмі важныя. "Усе мерапрыемствы, якія вы праводзіце ў раёне, павінны быць нацэлены на тое, каб моладзь цаніла сваю малую радзіму, вярталася сюды і заставалася тут. Тады ў вас будзе і напаўняльнасць маладымі кадрамі. Гэта ключавая работа", - зрабіла акцэнт старшыня Савета Рэспублікі.

Адным са спосабаў папаўнення дэфіцыту кадраў з'яўляецца навучанне спецыялістаў па мэтавым дагаворы, па якім пасля атрымання дыплома выпускнік ВНУ або ССНУ павінен будзе адпрацаваць на першым месцы работы пяць гадоў. Таксама супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі райвыканкама лічаць, што трэба праводзіць індывідуальную работу з дзецьмі, арганізоўваць ранняе тэсціраванне для прафарыентацыі.

Наталля Качанава таксама пацікавілася інклюзіўнай адукацыяй у рэгіёне і навучаннем дзяцей з інваліднасцю ў агульнаадукацыйных школах. "Гэта нашы дзеці. Пры добрым лячэнні і навучанні яны могуць нармальна працаваць і жыць у соцыуме", - сказала старшыня Савета Рэспублікі, адзначыўшы, што ў гэтым пытанні неабходна ўлічваць інтарэсы дзяцей і бацькоў.

Яна таксама звярнула ўвагу, што ў Полацку ёсць педагагічны і медыцынскі каледжы, якія можна ўключыць у вырашэнне пытання падрыхтоўкі спецыялістаў для работы з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця. "Полацк у інклюзіўнай адукацыі можа быць лідарам, падумайце, можа, у каледжах можна адкрыць новыя спецыяльнасці для падрыхтоўкі прафесіяналаў, якія будуць працаваць з такімі дзецьмі. Тут таксама трэба правесці прафарыентацыйную работу. Займіцеся гэтым пытаннем", - унесла прапанову Наталля Качанава.

Што датычыцца маладзёжнай палітыкі, то ў раёне школьнікаў і студэнтаў актыўна ўключаюць у грамадскую работу, валанцёрскі рух, патрыятычныя мерапрыемствы - аўтапрабегі і велапрабегі, дыялогавыя пляцоўкі. Таксама тут удзяляюць увагу духоўнаму выхаванню падрастаючага пакалення. У гэтым пытанні ўстановы адукацыі ўзаемадзейнічаюць са свяшчэннаслужыцелямі. Прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы расказваюць аб духоўных асновах грамадства, святых полацкай зямлі, падтрымліваюць традыцыйныя хрысціянскія сямейныя каштоўнасці.

Наталля Качанава спытала, як выбудавана ў Полацкім раёне работа з працуючай моладдзю. Тут для яе праводзяцца розныя грамадскія і спартыўна-масавыя мерапрыемствы, сустрэчы з кіраўніцтвам раёна і прадпрыемстваў. "Мы не павінны страціць гэтых юнакоў і дзяўчат пры пераходзе з установы адукацыі на прадпрыемствы. Гэта энергічныя маладыя людзі, якія атрымалі пэўны вопыт. Яны могуць потым прыходзіць у школы, сустракацца з дзецьмі, расказваць аб сваёй рабоце і сацыяльных магчымасцях прадпрыемства. А школьнікі, паслухаўшы іх расказы, зразумеюць, што не трэба нікуды ехаць і можна паўнацэнна жыць і працаваць на малой радзіме. У савецкія гады не дарэмна ўдзялялася ўвага рабочым прафесіям, час паказаў, што яны - соль зямлі. І з імі таксама трэба працаваць", - аздначыла старшыня Савета Рэспублікі.

БелТА