Абразы канца XIX стагоддзя і асабістыя рэчы мастакоў папоўнілі фонд краязнаўчага музея ў Віцебску

30.09.2022

Калекцыю Віцебскага абласнога краязнаўчага музея з пачатку года папоўнілі каля 2,9 тыс. экспанатаў, трэць з іх перадалі жыхары рэгіёна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла галоўны хавальнік фондаў музея Вольга Давідоўская.

Паводле яе слоў, апошнім часам у фонды паступае вялікая колькасць прадметаў, у сярэднім за год больш за 3 тыс. адзінак. Іх перадаюць як прыватныя асобы, так і арганізацыі, часта папаўняецца калекцыя ў выніку пошукавай дзейнасці работнікаў музея. "За студзень - жнівень гэтага года ў фонды прынята амаль 2,9 тыс. прадметаў, трэцюю частку з іх перадалі жыхары Віцебска і вобласці. Працэнт паступленняў у музей ад прыватных асоб штогод мяняецца. Напрыклад, у 2021-м было 70 працэнтаў", - расказала Вольга Давідоўская.

У гэтым годзе абласны краязнаўчы музей прыняў у дар некалькі комплексаў сямейных архіваў. Сярод іх былі рэчы мастака Уладзіміра Смерадзінскага, перададзеныя яго дачкой, - фатаграфіі, дакументы і ўзнагароды. Размова пра чалавека, які ўнёс свой уклад у аднаўленне мастацкага жыцця Віцебска пасля вайны. Раней у музеі захоўвалася ўсяго некалькі звязаных з ім прадметаў.

Папоўнілі музейны архіў таксама творы вядомага віцебскага мастака Фелікса Гумена, Аляксандра Шыёнкі, Аляксандра Гвоздзікава, Наталлі Лавіцкай-Ярмолавай і іншых. Пасля кожнай выставы па традыцыі майстры дораць адну-дзве свае работы.

У ліку новых каштоўнасцей - два абразы канца ХІХ стагоддзя, створаныя ў Грэцыі і Расійскай імпарыі. Гэтыя прадметы знаходзіліся на часовым захоўванні ў музеі яшчэ з 2018 года, але толькі ў 2022-м завяршыўся працэс афармлення дакументаў, які даў магчымасць прыняць рэчы ў фонд.

Міністэрства культуры арыентуе музеі на папаўненне фондаў і прадметамі сучаснасці. Паводле слоў Вольгі Давідоўскай, у гэтым годзе калекцыю папоўнілі рэчы, якія адлюстроўваюць гісторыю фестывалю "Славянкі базар у Віцебску", а таксама сувенірная прадукцыя і прадметы побыту, вырабленыя на Добрушскім фарфоравым заводзе.

БелТА