Дзень моладзі на «Славянскім базары ў Віцебску» пройдзе 16 ліпеня

14.07.2022

Дзень моладзі "БРСМ: 20 гадоў разам!" пройдзе 16 ліпеня ў рамках афіцыйнай праграмы XXXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандра Ганчарова.

"Традыцыйна адной з яркіх падзей фестывальнага Віцебска становіцца Дзень моладзі. У гэтым годзе ў гонар надыходзячага юбілею саюза моладзі назва і слоган маладзёжнага свята - "БРСМ: 20 гадоў разам!". Новы фармат мерапрыемства прадугледжвае работу маладзёжных пляцовак па ўсім горадзе з удзелам маладых людзей з усіх рэгіёнаў і сталіцы, - расказала Аляксандра Ганчарова. - Але нязменным і важным элементам агульнай праграмы Дня моладзі стане маштабная патрыятычная акцыя "Беларусь памятае. Памятаем кожнага" каля мемарыяльнага комплексу "Вызваліцелям Віцебска - савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам" з тэатралізаваным паказам "Мы памятаем", мінутай маўчання, ускладаннем да цэнтральнага манумента кветак і запаленых лампад".

Кульмінацыяй акцыі стане патрыятычнае шэсце "Беларусь памятае". "У гэтым годзе ў Дня моладзі асноўная лакацыя свята - пляцоўка побач са сцэнай каля КЗ "Віцебск", куды пройдуць удзельнікі шэсця на афіцыйную цырымонію адкрыцця і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу сярод маладых журналістаў "Прэс-код". Потым на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава стартуе нацыянальны фестываль-конкурс "Агонь маладзёжных талентаў" - маляўнічае відовішча, якое адкрые новыя таленты маладой Беларусі. Больш за восемсот дзяцей стануць удзельнікамі вялікага адкрытага дыялогу "100 пытанняў ад моладзі". Мерапрыемства пройдзе на футбольным манежы фестывальнага Віцебска. Плануецца, што спікерамі актуальнай дыскусіі выступяць дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, міністр адукацыі Андрэй Іванец, першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў. У манежы разгорнецца і работа інтэрактыўных тэматычных пляцовак "БРСМ: 20 гадоў разам!", - дапоўніла сакратар ЦК БРСМ.

У праграму Дня моладзі ўпершыню ўвайшоў нэтворкінг-інтэнсіў для студэнцкай моладзі Stud Proekt з тэматычнымі модулямі "Развіццё студэнцкіх медыя", "Асабісты брэнд. Пітчынг праектаў - як улюбіць у сваю супольнасць", "Час тварыць дабро - студэнцкае валанцёрства", "Аратарскае майстэрства, тайм-менеджмент", "Універсітэт як цэнтр рэалізацыі навуковага патэнцыялу студэнтаў", "100 ідэй для Беларусі: ад навуковай ідэі да рэалізацыі", "Маладзёжныя супольнасці як рухаючая сіла маштабных тэматычных праектаў і праграм", "Студэнцкая супольнасць: работа ў камандзе", "Патэнцыял універсітэцкай супольнасці ў раскрыцці творчых здольнасцей студэнтаў", а таксама "Self-management: кіраванне сабой з высокімі вынікамі".

Завершыць маладзёжнае свята гала-канцэрт на сцэне каля канцэртнай залы "Віцебск". "Гэта будзе маладзёжнае шоу ў суправаджэнні піратэхнічных эфектаў, у ходзе якога выступяць пераможцы і лаўрэаты рэспубліканскага фестывалю "Арт-вакацыі-2022", папулярныя зоркі беларускай і замежнай эстрады, пераможцы фестывалю-конкурсу "Агонь маладзёжных талентаў". Тут жа мы даведаемся імёны пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "БРСМ: сіла ў камандзе", - дадала Аляксандра Ганчарова.

Маладзёжнаму святу будуць папярэднічаць 15 ліпеня прома-прэзентацыя Дня моладзі, DJ-сэты на плошчы Свабоды Віцебска і фестывальны опэн-эйр "Рытмы лета" каля канцэртнай залы "Віцебск".

Арганізатарамі маладзёжнага свята выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства адукацыі, Цэнтр культуры "Віцебск" (Дырэкцыя фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"). Яго задачы - папулярызацыя маладзёжнага руху краіны праз падтрымку таленавітай і адоранай моладзі, у тым ліку маладзёжных субкультур і творчых аб'яднанняў, выхаванне ў моладзі гарамадзянскай самасвядомасці.

БелТА