Вечар джазавай музыкі ў фармаце open-air прадставіла Віцебская абласная філармонія

01.07.2022

Віцебская філармонія прадставіла дэбютную джазавую праграму Summer Jam на зыходзе дня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Вечар джазавай музыкі ў фармаце open-air прайшоў ва ўнутраным дворыку філармоніі. Перад публікай паўстаў віцебска-мінскі зборны ансамбль - секстэт ULiUS Jazz Band.

Калектыў, які сыграў разам толькі напярэдадні выступлення, складаецца з прафесіяналаў сваёй справы. Гітарыст Андрэй Ускоў, скрыпач Карэн Карапецян, клавішнік Павел Якубчонак, бас-гітарыст Вячаслаў Сергіенка, ударнік Міхаіл Пенда і салістка Джуліета Тарахчан выбралі для летняга вечара рэпертуар, які найбольш выгадна прагучаў у іх выкананні. Гэта быў джэм з папулярных блюзавых кампазіцый, фанка, соўла. Гэры Мур з яго знакамітым Still Got The Blues, Сціві Уандэр, Эмі Уайнхаус, Нэт Кінг Коўл, Рэй Чарльз - гэтыя імёны для аматараў джаза шмат значаць. Іх творы кожны раз закранаюць новыя струны душы, таму што кожны выканаўца дадае ў іх нешта сваё - патаемнае і вельмі асабістае, з перажытага. Мабыць, якраз гэта меў на ўвазе вялікі Луі Армстранг, калі гаварыў, што для джазавага музыканта важна памяць аб мінулым.

Секстэт таксама прадэманстраваў ва ўтульным дворыку філармоніі нестандартнае прачытанне джазавых стандартаў і аўтарскія кампазіцыі, у прыватнасці Карэна Карапецяна і Андрэя Ускова. Дыялог з гледачом з дапамогай музыкі, імправізацыя, гульня на кантрастах - усё гэта можна было адчуць учора вечарам.

Для гасцей працавала вулічнае кафэ, дзе можна было не толькі падсілкавацца, але і патанцаваць, добра, што для гэтага было дастаткова месца, а некаторыя кампазіцыі, якія сыграў JULiUS Jazz Band, не пакідалi шанцу ўседзець на месцы.

БелТА