Народная музыка прагучала на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах

13.06.2022

У Паставах 10-12 чэрвеня прайшоў XXXII Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Пастаўскім райвыканкаме.

Пачаўся фэст своеасаблівай зарадкай: на гарадскім стадыёне ў 10.00 прайшлi спартыўныя спаборніцтвы. У 11.00 гасцей і ўдзельнікаў фестывалю чакалi на музычна-літаратурным свяце, прысвечаным Пастаўшчыне і яе музычнай гісторыі. Выстава работ беларускага мастака-графіка Барыса Бокшы прапанавала адправіцца ў "Чорна-белыя падарожжы". Экспазіцыя пачала працаваць у 13.00 у Палацы Тызенгаўза. У 15.00 усіх жадаючых запрашалi на свята народнай творчасці "Скарбніца народных талентаў", на якім прадставiлi элементы нематэрыяльнай спадчыны Пастаўскага раёна, а таксама адкрылi выставы работ народных майстроў.

У суботу, 11 чэрвеня, на прэзентацыі экспазіцыі "Цымбалы і гармонік - сувязь часоў і пакаленняў" наведвальнікам расказалi пра гісторыю традыцыйнага фестывалю, які прапісаўся на пастаўскай зямлі. "Хто каго?" - вырашыла журы на аднайменным конкурсе калектываў і індывідуальных выканаўцаў народных інструментаў. Музычны батл з народным каларытам гледачы змаглi наведаць у 15.00 у Доме культуры. Вучні Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера прадэманстравалi публіцы сваё бачанне малой і вялікай Радзімы, а іх калегі з ДШМ імя А. Тызенгаўза прадставiлi гасцям фестывалю яркі канцэрт. У гэты дзень на плошчы імя Леніна працаваў Горад майстроў, дзе сабралiся прадстаўнікі ўсёй Віцебскай вобласці. У праграме прайшлi агляд-конкурс эстраднай музыкі і ўрачыстае адкрыццё фестывалю, прысвечанага Году гістарычнай памяці. Суботнім вечарам усе змаглi пабываць на "Пастаўскім балі" - музычна-тэатралізаваным паказе, які прайшоў на плошчы імя Леніна. Да глыбокай ночы Паставы не засыналi: госці свята не змаглi прайсці міма вогненнага шоу, не пабываць на канцэрце эстрадных выканаўцаў і дакладна не прапусцiлi святочны феерверк. А да 2 гадзін ночы лепшыя дыджэі Віцебскай вобласці падтрымлівалi драйв і ўключалi біты на маладзёжнай дыскатэцы пад адкрытым небам.

Нядзельная праграма фестывалю была крыху менш насычанай, але такой жа цікавай і пазнавальнай. У творчай лабараторыі можна было сустрэцца з народным артыстам Беларусі і знакамітым цымбалістым Яўгенам Гладковым, які ў мінулым годзе адзначыў сваё 80-годдзе. Аматары класічнай і сучаснай беларускай музыкі змоглi пабываць на канцэрце ў пастаўскім касцёле або атрымалi асалоду ад выступлення ваеннага духавога аркестра на плошчы імя Леніна. У тэатралізаваным шэсці прынялi удзел госці і ўдзельнікі фестывалю "Звіняць цымбалы і гармонік", урачыстая цырымонія закрыцця якога пачалася ў 13.10 у гарадскім парку.

БелТА