Фінал нацыянальнага адбору да XXXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2022" і ХХ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2022" пройдзе 19 сакавіка ў Оршы на базе Палаца культуры ў фармаце гала-канцэртаў.
"18 сакавіка плануецца заезд удзельнікаў у Оршу і папярэднія рэпетыцыі, 19 сакавіка ў 12.00 - канцэрт-праслухоўванне ўдзельнікаў нацыянальнага адбору да дзіцячага музычнага конкурсу і ў 17.00 - канцэрт-праслухоўванне ўдзельнікаў да конкурсу выканаўцаў эстраднай песні з удзелам папулярных артыстаў эстрады", - расказалі арганізатары.
Змагацца за права прадставіць Беларусь на знакамітым форуме будуць два дзясяткі фіналістаў, якія прайшлі папярэднія адборы. Прамая трансляцыя мерапрыемстваў будзе арганізавана Белтэлерадыёкампаніяй.