Верхнядзвінская бібліятэка за творчыя дасягненні стала лепшай у Віцебскай вобласці

07.02.2022

Музейны пакой вясковага побыту, паэтычныя зборнікі землякоў, вялікая краязнаўчая база, удзел у культурным жыцці рэгіёна - гэтыя і іншыя напрацоўкі далі магчымасць работнікам Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі (ЦРБ) вывесці ўстанову культуры ў лідары ў сваёй сферы ў Віцебскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Верхнядзвінскім райвыканкаме.

За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва па выніках 2021 года лепшай сярод раённых і гарадскіх бібліятэк стала Верхнядзвінская ЦРБ. Тут не толькі абслугоўваюць чытачоў, але і займаюцца краязнаўчай работай, самастойна выдаюць кнігі, зборнікі вершаў, праводзяць цікавыя мерапрыемствы для жыхароў Верхнядзвіншчыны. "Дзейнасць бібліятэкі разнастайная. У нас абсталяваны музейны пакой вясковага побыту, дзе мы сабралі прадметы ўжытку розных часоў. Захоўваем гэту экспазіцыю для азнаямлення школьнікаў, каб яны наглядна бачылі, як раней было абсталявана жыллё іх дзядуляў і бабуль", - расказала дырэктар Верхнядзвінскай ЦРБ Людміла Куўшынава.

Ва ўстанове культуры вялікую ролю адводзяць краязнаўчай рабоце. Супрацоўнікі бібліятэкі стварылі фотаальбом са старых фатаграфій, знойдзеных у архівах і розных кнігах, прысвечаных раёну. На здымках адлюстраваны ўжо не існуючыя будынкі - страчаная спадчына раёна. Гэтыя фотаработы пастаянна дэманструюцца на розных раённых культурна-масавых мерапрыемствах. Як адзначыла Людміла Куўшынава, часам знойдзеныя фотакарткі прыцягваюць увагу жыхароў, якія потым просяць раздрукаваць здымкі для сямейнага архіва.

У бібліятэцы пастаўлена на паток работа самвыда: тут штогод друкуюць краязнаўчы каляндар, дзе пазначаюць даты, юбілеі знакамітых землякоў, арганізацый і прадпрыемстваў Верхнядзвіншчыны. Выдаюць у бібліятэцы і зборнікі вершаў суайчыннікаў, зборы эсэ, віншавальных гумарэсак.

Верхнядзвінская ЦРБ абслугоўвае больш за 2,8 тыс. чытачоў - дарослых і дзяцей старэйшых за 15 гадоў. Ёсць у бібліятэкі і віртуальныя чытачы, якіх налічваецца больш за 800 чалавек. Усяго за мінулы год жыхары раёна прачыталі звыш 50 тыс. экзэмпляраў кніг і перыёдыкі. Асаблівых пераваг у чытачоў няма: любяць усё - ад класікі да сучаснай літаратуры. Аднак сярод іх работнікі бібліятэкі ўсё ж вылучаюць асаблівых прыхільнікаў друкаванага слова і праводзяць для іх цікавыя мерапрыемствы. "Бенефіс чытача" - адно з такіх. У 26 намінацыях выяўляюць лідараў, якім уручаюць памятныя дыпломы і дораць месячны бясплатны абанемент на карыстанне камерцыйнай літаратурай. Напрыклад, ёсць сярод пераможцаў самы верны чытач са стажам больш за 50 гадоў, самы чытаючы, які за год "праглынуў" больш за 200 кніг, літаратурны гурман і інш.

Паводле слоў Людмілы Куўшынавай, работнікі бібліятэкі не спыняюцца на дасягнутым. Яны мараць выдаць кнігу фальклору Верхнядзвіншчыны, заснаваную на вывучаных легендах і паданнях, а таксама кнігу аб ветэранах, якія яшчэ пражываюць у раёне. Вядома, работа няпростая, паколькі матэрыял трэба кампанаваць не адзін дзень, але вынік таго варты.

БелТА