Бранскі тэатр юнага гледача выступіць з гастролямі ў Віцебску

26.01.2022

Віцебск 10-11 лютага ўпершыню наведае калектыў Бранскага абласнога тэатра юнага гледача. Ён выступіць з гастролямі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.

Артысты з Бранска 10 лютага пакажуць віцебскаму гледачу мюзікл "Тры мушкецёры" паводле рамана Аляксандра Дзюма. Гісторыя гэтага твора была ўвасоблена на сцэне ў выглядзе мюзікла вядомага кампазітара Максіма Дунаеўскага на аснове п'есы Марка Разоўскага і вершаў Юрыя Рашанцава. Акцёры бранскага тэатра таленавіта сыгралі і праспявалі мюзікл, які атрымаў найвышэйшую ацэнку публікі.

У другі дзень гастроляў, 11 лютага, госці з Расіі пакажуць яшчэ адзін вядомы твор - спектакль "Дзядзькаў сон" паводле аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага. Пастаноўку ажыццявіў галоўны рэжысёр Бранскага абласнога тэатра юнага гледача заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Пахомаў. Ён добра знаёмы віцебскай публіцы па шэрагу пастановак на коласаўскай сцэне. Мастак-пастаноўшчык спектакля - вядомы беларускі сцэнограф Валянціна Праўдзіна.

У гэтыя ж дні для школьнікаў будзе паказаны "Фініст - Ясны сокал". Спектакль створаны па матывах рускай народнай казкі.

БелТА