Фота прыроды і гарадоў Краіны ўзыходзячага сонца: выстава пра Японію адкрыецца ў Віцебску

02.11.2021

У Віцебску 4 лістапада адкрыецца выстава "Прыгожая краіна Японія", дзе будзе прадстаўлена 60 каляровых фотаработ расійскіх аўтараў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла малодшы навуковы супрацоўнік культурна-гістарычнага комплексу "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна" Іна Садаводава.

Два фатографы - Юрый Міронаў і Віталь Авакян, члены маскоўскага фотаклуба "Ракурс +" - прадставяць у экспазіцыі па 30 здымкаў. "Японія ў мінулым доўгі час заставалася закрытай краінай, і адносна нядаўна, з гістарычнага пункту гледжання, гэта дзяржава стала праводзіць палітыку адкрытасці. Паколькі для многіх беларусаў, у прыватнасці віцябчан, у Краіну ўзыходзячага сонца няпроста паехаць з-за геаграфічнай аддаленасці і вялікіх фінансавых затрат, мы вырашылі далучыць жыхароў абласнога цэнтра да яе культуры, гісторыі і побыту праз фотавыставу. Абодва аўтары, работы якіх будуць прадстаўлены ў экспазіцыі, пабывалі ў Японіі ў розны час, з рознымі мэтамі, але прыкладна ў тых жа гарадах і раёнах. Юрый Міронаў - геолаг і вулканолаг. У гэту экзатычную краіну ён ездзіў з рабочым візітам. На яго здымках можна ўбачыць шмат прыродных ландшафтаў. Віталь Авакян пабываў у Японіі ў якасці турыста. Погляд двух фатографаў нават на адны і тыя ж мясціны зусім розны, таму іх работы з'яўляюцца асабліва цікавымі", адзначыла Іна Садаводава.

Наведвальнікі выставы змогуць убачыць панараму Токіа з вышыні птушынага палёту, гістарычныя архітэктурныя помнікі, напрыклад, імператарскія палацы, адлюстраваныя на здымках бытавыя і вулічныя сцэнкі жыцця японцаў, а таксама іх святы. Выстава адкрыецца 4 лістапада ў 14.00 і будзе даступна для наведвання да 28 лістапада.

БелТА