У канцэртнай зале храма збяруцца музыканты з Беларусі і Расіі. Уверцюрай да фестывалю стане выступленне Санкт-Пецярбургскага канцэртнага дуэта ў складзе лаўрэата міжнародных конкурсаў Кацярыны Марышкінай (арган) і заслужанага артыста Расіі Марка Таубэ (скрыпка). 7 лістапада салісты прадставяць слухачам праграму, дзе прагучаць творы кампазітараў XVIII-XX стагоддзяў, а таксама фантазіі на тэмы вядомых опер - "Севільскі цырульнік", "Норма" і "Кармэн".
14 лістапада адбудзецца ўрачытае адкрыццё фестывалю арганнай музыкі. Святочную праграму падрыхтавалі пастаянныя ўдзельнікі "Званоў Сафіі" - заслужаная артыстка Беларусі Ксенія Пагарэлая (арган) і камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр". Упершыню на фестывалі прагучыць трыа-саната для дзвюх скрыпак і баса канцінуа Тамаза Альбіноні. 21 лістапада пройдзе канцэрт беларускай арганісткі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Кацярыны Нікалаевай. У праграме: знакамітая Таката і фуга d-moll Баха, творы выдатных кампазітараў французскай арганнай школы В'ерна і Дзюруфле.
Завершыць фестываль 28 лістапада выступленне зорнага дуэта музыкантаў. Кампазітар, арганіст Аляксей Шмітаў і заслужаная артыстка Расіі, народная артыстка Абхазіі, салістка музычнага тэатра "Гелікон-опера" Аліса Гіцба прыедуць у Полацк з адзіным канцэртам у Беларусі.
Білеты на фестываль можна купіць у касах Сафійскага сабора, Музея беларускага кнігадрукавання і Прыродна-экалагічнага музея. У аматараў музыкі з іншых гарадоў ёсць магчымасць набыць білет у інтэрнэце. Абанементы будуць у продажы да 7 лістапада.