Знойдзены новы дакумент з датай першай згадкі 510-гадовага сяла ў Докшыцкім раёне

30.08.2021

Дзякуючы новым архіўным знаходкам стала вядомая першая ўзгадка старажытнага сяла Порплішча ў Докшыцкім раёне. Гэты год для населенага пункта стаў юбілейным, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА краязнавец Кастусь Шыталь.

У 1511 годзе князь Сямён Чартарыйскі прадаў Юрыю Зяновічу, уладальніку суседняга маёнтка Глыбокае, сяло Порплішча. Тут, як сведчыць дакумент, жылі сем'і "даннікаў мядовых і грашовых"- сялян, якія плацілі феадалу даніну прадуктамі бортніцтва - мёдам і воскам, а таксама грашыма. У пачатку XVI стагоддзя воск быў адным з галоўных экспартных тавараў ВКЛ, а даніна мёдам і воскам ад залежных сялян была галоўным артыкулам даходаў ад маёнткаў на тэрыторыі сучаснага Докшыцкага раёна.

"Дакумент аб куплі-продажы сяла складзены ў Смаргоні, якая была адной з рэзідэнцый Зяновічаў, 8 ліпеня 1511 года. Ён напісаны на старабеларускай мове - афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага. У канцы дакумента пералічваюцца асобы, якія былі сведкамі пры заключэнні здзелкі. Сярод іх самы высокі статус меў Іван Сапега - пісар вялікага князя, выбітны дзяржаўны дзеяч і дыпламат. Да дакумента прыкладзена і пячатка самога вялікага князя Жыгімонта Старога”, - адзначыў Кастусь Шыталь. Раней першая пісьмовая згадка Порплішча адносілася да 1529 года.

Арыгінал знойдзенага дакумента знаходзіцца ў архіве Радзівілаў, які захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. На згадку пра Порплішча краязнавец натыкнуўся, калі праглядаў электронныя копіі некаторых спраў з гэтага архіва, якія датычацца маёнткаў у ваколіцах Глыбокага і Докшыц.

"Падобныя знаходкі дапамагаюць лепшаму веданню гісторыі населеных пунктаў. Гэта важна для мясцовых жыхароў, бо веданне лакальнай гісторыі, якая сягае каранямі ў далёкія стагоддзі і пераплецена з агульнабеларускай, спрыяе як любові да роднай вёскі ці горада, так і да Беларусі ў цэлым. Сёлетні год, атрымліваецца, для Порплішча юбілейны - з даты першай згадкі прайшло 510 гадоў. Увогуле, да пачатку XVI стагоддзя пісьмовыя дакументы пра тэрыторыю сучаснага Докшыцкага раёна вельмі рэдкія, урыўкавыя. Першая згадка пра паселішча ў раёне - вёску Ваўча каля Бягомля - адносіцца да 1395 года, пра Докшыцы - да 1407 года”, - рэзюмаваў краязнавец. Ужо з XVI стагоддзя захавалася значна болей пісьмовых крыніц, вывучэнне якіх дазваляе скласці больш-менш цэласнае ўяўленне пра рэгіён, населеныя пункты, мясцовыя тапонімы і эканамічнае жыццё насельніцтва. Знаходка невядомага раней дакумента дапаўняе і ўдакладняе гэту карціну новымі дэталямі.

Сёння Порплішча - цэнтр аднайменнага сельсавета ў Докшыцкім раёне, аграгарадок размешчаны за 10 км ад райцэнтра. Пражывае ў Порплішчы каля 700 чалавек.

БелТА