Гарадок прыме другі этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона

26.08.2021

Другі этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона пройдзе 28-29 жніўня на лыжаролернай трасе ў Гарадку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.

На спаборніцтвы плануюць прыехаць каля 200 біятланістаў чатырох узроставых груп - 2003-2010 гадоў нараджэння. Яны вызначаць лепшых у індывідуальным і камандным заліках. У першы дзень спаборніцтваў дзяўчаты і юнакі на лыжаролерах будуць змагацца ў мас-стартах на розных дыстанцыях. 29 жніўня яны паўдзельнічаюць у змешаных эстафетах - самыя малодшыя правераць сябе ў кросе, вінтоўкі іх будуць чакаць на агнявых рубяжах.

Перад стартам другога этапу Кубка БФБ лідарамі індывідуальнага заліку сярод біятланістаў старэйшай узроставай групы (2003-2004 гадоў нараджэння) з'яўляюцца Аляксей Логвінаў і Алена Кулак. У катэгорыі спартсменаў 2005-2006 гадоў нараджэння больш за ўсё ачкоў набралі Павел Мацуль і Хрысціна Кудзелка, 2007-2008 гадоў нараджэння - Павел Жыгалка і Настасся Цітова. У малодшай узроставай групе (сярод біятланістаў 2009-2010 гадоў нараджэння) лідзіруюць Арцём Чапкевіч і Дар'я Міхайлава. У камандным першынстве лідзіруюць біятланісты з Віцебскай вобласці, якія набралі 1081 ачко. Следам за імі размяшчаюцца калектывы Мінскай вобласці (941), Гродзенскай (860), Магілёўскай (817), Мінска (798), Гомельскай (695) і Брэсцкай (462) абласцей.

Сачыць за спаборніцтвамі можна будзе на Youtube-канале Беларускай федэрацыі біятлона. Таксама жадаючыя змогуць прыйсці на спаборніцтвы і пабалець ужывую, уваход свабодны.

Лыжаролерная траса ў Гарадку размешчана ва ўрочышчы Вараб'ёвы горы, яе адкрылі ў 2015 годзе. Працягласць колаў трасы - 7,5 км, 5 км, 3 км, 2,5 км і 1,5 км. Шырыня палатна - 7 м. Гэта самая вялікая сярод беларускіх трас. Найбольшы перапад вышынь складае 28 м. Колькасць пад'ёмаў і спускаў вар'іруецца на розных дыстанцыях.

БелТА