Асноўныя падзеі ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" будуць шырока асвятляцца ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. На працягу ўсяго фестывальнага марафону ў інфармацыйных выпусках запланаваны аператыўныя ўключэнні з фестывальных пляцовак, уражанні зорных гасцей, рэпартажы з закулісся.
15 ліпеня спецыяльны выпуск праекта "Творчы вечар" будзе прысвечаны гісторыі фестывальнага Віцебска. Удзельнікі і госці папярэдніх форумаў успомняць самыя яркія падзеі "Славянскага базару". Праграма выйдзе ў эфір у 21.05, а адразу пасля яе ў 22.00 пачнецца трансляцыя ўрачыстага адкрыцця ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў. У праграме "Настрой" штодзённа будуць выходзіць дзённікі фестывалю з дайджэстам асноўных падзей тэматычных дзён. За юбілейным форумам таксама змогуць сачыць падпісчыкі афіцыйных акаўнтаў Першага нацыянальнага канала ў сацсетках і мэсэнджары Telegram.
Канал "Культура" ў дні фестывалю прадставіць сваім слухачам уключэнні з канцэртных, тэатральных і выставачных залаў, рэпартажы з удзелам гасцей і ўдзельнікаў "Славянскага базару". У праекце для дзяцей і падлеткаў "ДНК" адбудуцца эфірныя сустрэчы з прадстаўнікамі і пераможцам дзіцячага конкурсу "Віцебск-2021", удзельнікамі маладзёжнай праграмы.
Напярэдадні дзіцячага і дарослага міжнародных конкурсаў выканаўцаў эстраднай песні канал правядзе эфірную акцыю з трансляцыяй фінальных адборачных этапаў, дзе вызначыліся прадстаўнікі ад Беларусі - Канстанцін Мазуркевіч і Данііл Мышкавец. Канцэрты, якія прайшлі ў культурнай сталіцы Беларусі-2021 - горадзе Барысаве, прагучаць 13-16 ліпеня ў праграме "Канцэртная зала". У фестывальныя дні канал "Культура" пазнаёміць слухачоў з выбранымі канцэртамі мінулагодніх форумаў. Праект "Любімыя мелодыі" прапануе, у прыватнасці, фрагменты вечара Марка Фрадкіна, сольнага канцэрта Валерыя Лявонцьева і іншыя праграмы.
Фестывальны карэспандэнт радыёстанцыі "Радыус-FM" кожны дзень раніцай, днём і вечарам будзе паведамляць свежыя навіны з Віцебска аб усіх мерапрыемствах, якія цікавяць маладзёжную аўдыторыю. Асаблівая ўвага міжнароднаму конкурсу выканаўцаў эстраднай песні і прадстаўніку Беларусі Даніілу Мышкаўцу. Таксама ў рэпартажах - інтэрв'ю з зоркамі і проста мноства цікавых фактаў і каментарыяў.
Радыёстанцыя "Сталіца" з 14 па 19 ліпеня пяройдзе ў фармат "Фестывальная "Сталіца". Журналісты службы інфармацыі зробяць усё, каб слухачы адчулі атмасферу ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" на любімых радыёхвалях. Кожны фестывальны дзень будзе напаўняць эфір радыёстанцыі самымі цікавымі навінамі і падзеямі з пляцовак фестывалю, вынікамі творчых спаборніцтваў. Тэматычныя рубрыкі выйдуць у перадачах "Ранак робім разам", "Навігатар", "Ну і дзянёк". У праекце "Культурная сфера" будуць асветлены падзеі VІ фэсту вулічнага мастацтва "На сямі вятрах", выстаўкі, запланаваны інтэрв'ю з удзельнікамі "Горада майстроў".
На 9 мовах загучыць XXX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў эфіры міжнароднага радыё "Беларусь". Асаблівы акцэнт будзе на замежных удзельніках і гасцях фестывалю. Фестывальныя навіны, сюжэты аб найбольш значных мерапрыемствах форуму і інтэрв'ю будуць гучаць у выпусках "Навін" і спецыяльным праекце "Фестывальны калейдаскоп". Матэрыялы аб фестывалі будуць таксама публікавацца ў афіцыйных акаўнтах радыё "Беларусь" у сацыяльных сетках.
Фестывальны марафон пройдзе і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі "Радыё Брэст", "Горад FM", "Радыё Віцебск", "Радыё Гомель", "Гомель", "Радыё Гродна", "Радыё Магілёў" ва ўсіх абласцях краіны.