У музей Полацка перадалі археаграфічнае выданне «Кніга магістрата горада Полацка 1676 года»

18.05.2021

У Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік калектыў аўтараў перадаў экзэмпляр археаграфічнага выдання "Кніга магістрата горада Полацка 1676 года" (у арыгінале на польскай "Księga magistratu miasta Połocka z 1676 roku"), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт музея-запаведніка.

Праца памерам 700 старонак, падрыхтаваная гісторыкамі Максімам Макаравым, Дзянісам Лісейчыкавым і Андрэем Латушкіным пад кіраўніцтвам прафесара Томаша Кемпы, выйшла ў выдавецтве Універсітэта Мікалая Каперніка (Торунь) у пачатку 2021 года. Паводле слоў аўтараў, кніга адна з самых цікавых і змястоўных з усёй дакументальнай спадчыны Полацкага магістрата. Яна змяшчае шмат эмацыянальна афарбаваных дакументаў і адлюстроўвае розныя бакі жыцця Полацка пасля вайны 1654-1667 гадоў.

Важна, што з 1676 года пісарам Полацкага магістрата быў малодшы брат Сімяона Полацкага Лукаш Пятроўскі-Сітніяновіч.

БелТА