Віцебскі «Даламіт» у 2020 годзе павялічыў экспарт прадукцыі амаль у 1,5 раза

10.02.2021

Віцебскае ААТ "Даламіт" у 2020 годзе павялічыла продажы прадукцыі на экспарт амаль у 1,5 раза ў параўнанні з 2019-м, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Іван Бабак.

Усяго за студзень - снежань акцыянернае таварыства рэалізавала на знешніх рынках прадукцыі на суму каля $11 млн. Пры гэтым у апошнія гады прадпрыемству ўдавалася паслядоўна нарошчваць экспарт, а ў завяршальны год пяцігодкі атрымалася перасягнуць лепшы вынік экспартных продажаў, дасягнуты ў 2015-м (тады "Даламіт" паставіў замежным партнёрам тавараў на $8,5 млн), адзначыў кіраўнік.

Сёння ў экспартным партфелі прадпрыемства ўся лінейка (больш за 10 відаў) прадукцыі з даламітавай сыравіны. Асноўны попыт фарміруюць металургічныя прадпрыемствы і арганізацыі дарожнага будаўніцтва. Традыцыйна з улікам лагістычнай спецыфікі прадукцыі найбольшую ўдзельную вагу ў структуры экспарту займаюць партнёры з Украіны і Расіі, частка знешніх паставак прыпадае на краіны Балтыі. У апошнія гады "Даламіт" паслядоўна нарошчвае прысутнасць на ўкраінскім рынку, чаму садзейнічае ўмацаванне ўзаемадзеяння з металургамі і ажыўленне там дарожнага будаўніцтва. У агульным экспарце прадукцыі амаль 25 працэнтаў прыпадае на даламіт для металургічнай прамысловасці. Аб'ём продажаў мінеральнага парашку для дарожнікаў у 2020 годзе склаў каля $2,5 млн. Акрамя таго, удалося нарасціць да $1 млн пастаўкі літоўскім партнёрам.

У 2020 годзе "Даламіт" забяспечыў тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці 112,7 працэнта у дзеючых цэнах, рэнтабельнасць продажаў - 10,5 працэнта. Сярэднямесячная зарплата па годзе склалася на ўзроўні каля Br1 тыс. Прадпрыемства інвесціравала ў асноўны капітал каля Br3 млн, што прыкладна ў 1,5 раза больш, чым у 2019-м. Асноўны аб'ём сродкаў накіраваны на абнаўленне аўтамабільнага парку, у тым ліку на набыццё новых горных машын і бульдозераў.

Прыярытэтным інвестыцыйным праектам для "Даламіта" на 2021 год стане рэканструкцыя помпавай станцыі водаадліву кар'ера "Гралёва" з будаўніцтвам водаадводаў. Справа ў тым, што радовішча, якое распрацоўваецца з 1973 года, характарызуецца вялікай глыбінёй залягання пароды і істотным прытокам падземных вод. Для адвядзення вады з кар'ера створана сістэма водапаніжэння. Пасля ўводу ў эксплуатацыю ў 2017 годзе Віцебскай ГЭС адбылося паступовае павышэнне ўзроўню вады ў рацэ Заходняя Дзвіна. Гэта прывяло да павелічэння водапрытоку і, адпаведна, нагрузкі на помпавую станцыю, а таксама змянення рэжыму работы самацёчнага скіднога жалезабетоннага калектара, які цяпер працуе як напорны. З улікам гэтых абставін, а таксама ступені зносу за амаль 50-гадовую эксплуатацыю сістэма водапаніжэння патрабуе абнаўлення. Праект плануецца рэалізаваць да канца 2021 года з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь".

ААТ "Даламіт" - адзінае ў Беларусі і буйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па здабычы і перапрацоўцы даламітавай сыравіны. Яно створана ў 1931 годзе. Акцыянавана ў 1995-м, 99,35 працэнта акцый таварыства знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці. Сыравіннай базай для вытворца выступае радовішча даламітаў "Руба" з 8 участкаў. Цяпер распрацоўваецца самы буйны з іх - кар'ер "Гралёва", разведаныя запасы якога складаюць 686,4 млн т. Прадукцыя з даламітавай сыравіны выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, нафтаперапрацоўцы, шкляной вытворчасці, а таксама ў сельскай гаспадарцы.

БелТА