Уладальнікамі Гран-пры «Арт-парада ў Віцебску» сталі прадстаўнікі Беларусі і Мальты

12.01.2021

У горадзе на Дзвіне падвялі вынікі II Міжнароднага фестывалю-конкурсу "Арт-парад у Віцебску", які прайшоў з 8 па 10 студзеня, паведамілі БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск".

За тры конкурсныя дні выступілі 629 удзельнікаў з розных краін. Творчае спаборніцтва прайшло ў некалькіх намінацыях: "Вакал", "Харэаграфія", "Інструментальная музыка", "Выяўленчае мастацтва" і "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і мастацкія рамёствы".

Сярод лаўрэатаў I ступені ўсіх намінацый і ўзроставых груп журы выбрала ўладальнікаў Гран-пры. Высокага звання ўдастоены адразу два ўдзельнікі - народны тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі Цэнтра культуры "Віцебск" (намінацыя "Харэаграфія") і Дэфні Дэліката з Мальты ("Інструментальная музыка").

Таксама некалькі беларускіх канкурсантаў удастоены спецыяльных прызоў ад заснавальніка фестывалю - турысцка-інфармацыйнага цэнтра "Ілва". Эвеліна Голубева атрымала сертыфікат на бясплатны ўдзел у міжнародным фестывалі Art-panorama Baltika і марскі круіз па маршруце Рыга - Стакгольм - Рыга. Сертыфікатам для ўдзелу ў фестывалі "Вясёлка над Віцебскам" узнагародзілі вакалістку з Беларусі Вераніку Анташок. Беларуска Юлія Лях зможа выступіць на фестывалі Art-panorama Czech Republic. Адзначылі таксама і Марыну Курловіч, якая атрымала сертыфікат на бясплатны ўдзел у міжнародным пленэры "Віцебск - горад Марка Шагала". Лізавета Макоўская атрымала магчымасць паказаць свае здольнасці на творчым форуме Art-panorama Poland.

Маштабны творчы фестываль "Арт-парад у Віцебску" на гэты раз прайшоў у фармаце анлайн з-за існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі. У форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі 26 дзяржаў блізкага і далёкага замежжа. Акрамя творчага спаборніцтва, падчас "Арт-парада" для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю правялі анлайн-экскурсію па Віцебску і майстар-класы ад прафесійнага журы.