Міністр адзначыў, што полацкая зямля багатая на людзей, якія праславілі Беларусь і ўнеслі ўклад у развіццё сусветнай культуры. Шмат намаганняў было прыкладзена, каб манастыр жыў і людзі сюды прыязджалі. "Мы бачым, наколькі думкі і сама работа злучаюцца і прыносяць вынік. Дзяржава ўважліва ставіцца да гісторыі манастыра, выдзяляе сур'ёзныя сродкі, каб усе задумкі ажыццявіліся. Сёння пагутарылі з будаўнікамі, усе работы ў Спаса-Праабражэнскім храме ідуць згодна з графікам. Апасенняў, што рэстаўрацыя зацягнецца і не завершыцца ў 2024 годзе (як запланавана), няма", - сказаў Анатоль Маркевіч.
Міністр дадаў, што ў наступным годзе на рэстаўрацыю храма будуць накіраваны грошы з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Усяго гэта больш Br1,2 млн.
Спаса-Праабражэнская царква пабудавана ў XII стагоддзі, храм распісаны ўнікальнымі фрэскамі, якія на 90 працэнтаў захаваліся. Першыя рэстаўрацыйныя работы пачаліся ў 1991 годзе. Ля сцен царквы ў апошнія гады таксама ідуць раскопкі. У 2015 годзе археолагі ўстанавілі, што храм у першапачатковым выглядзе быў значна большы. У свой час да яго былі прыбудаваны галерэі, а з боку ўвахода знаходзіўся экзанартэкс. У 2018 годзе спецыялісты на глыбіні каля 3 м адкапалі рэшткі памяшкання, дзе, як мяркуецца, мог быць пахаваны бацька Ефрасінні Полацкай. Прыкладаў такога падзямелля ў старажытнарускай архітэктуры X-XIII стагоддзяў ва Усходняй Еўропе не сустракалася, што пацвярджае індывідуальны падыход у будаўніцтве храма па заказе святой.